Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэканомікі: Рост эканомікі Беларусі замарудзіўся праз брудную расейскую нафту


На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, архіўнае фота
На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, архіўнае фота

Эканамічны рост у Беларусі ў траўні 2019 году запаволіўся праз сытуацыю з забруджанай расейскай нафтай, заявіў журналістам 2 ліпеня міністар эканомікі Дзьмітры Круты, паведамляе БелаПАН.

Па выніках студзеня—красавіка рост эканомікі Беларусі складаў 1,4%, а па выніках студзеня—траўня рост ВУП запаволіўся да 1%. Міністар растлумачыў, што запаволеньне росту ВУП у траўні зьвязанае з сытуацыяй з паступленьнем у Беларусь няякаснай расейскай нафты.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за пэўны час ва ўсіх галінах эканомікі.

«Мы чакалі адкладзенага эфекту, натуральна, праз сытуацыю з бруднай нафтай, яна вельмі сур’ёзна паўплывала на паказьнікі па транспарце, аптовым таваразвароце і ўласна па перапрацоўцы нафтапрадуктаў», — заявіў Круты.

Акрамя гэтага, паводле яго, на дынаміцы ВУП ў траўні—чэрвені адмоўна сказалася засушлівае надвор’е, якое паўплывала на ўраджай і нарыхтоўку кармоў і ў канчатковым выніку на сытуацыю ў жывёлагадоўлі, ад якой моцна залежаць аб’ёмы вытворчасьці харчовай прадукцыі.

На 2019 год Аляксандар Лукашэнка ставіў задачу росту ВУП на 4%, (пасьля росту на 3% у 2018 годзе). У першым квартале прадстаўнікі ўраду заяўлялі, што магчымасьці для выкананьня гадавога прагнозу па росьце ВУП існуюць. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі даюць больш сьціплыя прагнозы росту: згодна з новай ацэнкай Сусьветнага банку, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,8% (у параўнаньні са студзеньскай ацэнкай прагноз пагоршыўся на 0,9%), згодна з ацэнкай МВФ — 1,8%, паводле травеньскага прагнозу Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця — 2%.

У красавіку ў Беларусь з Расеі паступіла няякасная нафта, праз гэта нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя былі прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў. На мінулым тыдні ў Палаце прадстаўнікоў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка паведаміў журналістам, што праз брудную расейскую нафту Беларусь у красавіку—чэрвені недаатрымала 630 тысяч тон нафты. Чакаецца, што выпампаваць няякасную нафту на тэрыторыю Расеі ўдасца да 15 жніўня.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG