Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР пагоршыў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2019 годзе


Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) пагоршыў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2019 годзе.

У абноўленым травеньскім аглядзе ЭБРР чакае рост ВУП Беларусі ў 2020 годзе на ўзроўні 1,8%. У лістападзе ў традыцыйным рэгіянальным аглядзе ЭБРР прагназаваў рост 2,5%.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за пэўны час ва ўсіх галінах эканомікі.

Экспэрты банка тлумачаць запаволеньне тэмпаў росту беларускай эканомікі ўзмацненьнем зьнешніх рызык, у прыватнасьці, нэгатыўнымі наступствамі расейскага «падатковага манэўру» ў нафтавай сфэры.

«Новая сыстэма падаткаабкладаньня энэрганосьбітаў, якую ўводзіць Расея, так званы „падатковы манэўр“, можа значна скараціць даходы беларускай нафтаперапрацоўчай прамысловасьці, што паўплывае на фіскальны балянс і замарудзіць эканамічны рост і рост экспарту», — лічаць аўтары агляду.

У дакладзе адзначаецца, што тэмп росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе вырас да 3% з 2,4% у 2017 годзе і «быў абумоўлены пашырэньнем унутранага попыту і экспарту, хоць чысты экспарт быў на самай справе адмоўны».

У красавіку 2019 году Міжнародны валютны фонд таксама зьнізіў ацэнку росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе да 1,8% (з 2,4%, якія прагназаваліся ў студзені).

​На 2019 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 4%, бюджэт краіны сфармаваны зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%. Паводле Белстату, за студзень-сакавік 2019 году ВУП Беларусі вырас на 1,1% ад аналягічнага леташняга пэрыяду.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG