Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі на 2019–2021 гады


Сусьветны банк пагоршыў прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі на 2019-2021 гады, гаворыцца ў прагнозе разьвіцьця сусьветнай эканомікі, апублікаваным банкам 4 чэрвеня.

Згодна з новай ацэнкай Сусьветнага банку, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,8%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2%. У параўнаньні са студзеньскай ацэнкай Сусьветнага банку эканамічны прагноз для Беларусі на 2019–2021 гады пагоршыўся на 0,9, 1,2 і 1,3 працэнтнага пункта адпаведна.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за пэўны час ва ўсіх галінах эканомікі.

«Нават такі сьціплы прагноз залежыць ад частковай — прынамсі, на ўзроўні 50% — кампэнсацыі страт Беларусі ад расейскага «падатковага манэўру», адзначаюць экспэрты Сусьветнага банка. Без такой кампэнсацыі рост беларускай эканомікі, паводле экспэртаў, «можа замарудзіцца яшчэ больш праз магчымую карэкціроўку аб’ёму вытворчасьці ў нафтахімічным сэктары, а страту даходаў неабходна будзе кампэнсаваць дадатковай карэкціроўкай у фіскальным сэктары, з прычыны выкананьня абавязацельстваў па пагашэньні доўгу, што адабʼецца на тэмпах эканамічнага росту».

Экспэрты лічаць, што нізкія тэмпы росту беларускай эканомікі будуць абумоўленыя «спалучэньнем структурнай нягнуткасьці і пагаршэньнем умоваў гандлю на фоне росту двухбаковай эканамічнай напружанасьці з Расеяй», гаворыцца ў аглядзе Сусьветнага банка для Беларусі.

Станоўчым момантам экспэрты лічаць зробленыя крокі па лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці і рост экспарту паслуг у сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Далейшыя тэмпы будучага росту эканомікі Беларусі будуць залежаць ад пасьпяховай рэалізацыі структурных рэформаў для паляпшэньня бізнэс-асяродку, дасягненьня ўстойлівасьці дзяржаўнага доўгу і рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Аднак неэфэктыўнасьць і даўгі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі будуць працягваць падрываць эфэктыўнасць эканамічнай дзейнасьці, лічаць экспэрты. Дзяржпрадпрыемствы Беларусі па-ранейшаму працягваюць выцясьняць больш прадуктыўнае выкарыстаньне капіталу і зьяўляюцца галоўнай крыніцай фіскальных рызык.

На думку Сусьветнага банка, адной з асноўных задач зьяўляецца ўмацаваньне канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі і, адпаведна, паскарэньне дывэрсыфікацыі экспарту.

«Бягучы профіль экспарту робіць беларускую эканоміку надзвычай уразьлівай да зьнешніх шокаў, якія ўзьнікаюць у выніку двухбаковых гандлёвых спрэчак і ваганьняў цэн на сыравіну», — гаворыцца ў аглядзе.

Экспэрты банка таксама падкрэсьліваюць неабходнасьць умацаваньня сыстэмы сацыяльнай абароны ў дачыненьні да найбольш уразьлівых сацыяльных груп, падтрыманьня ўзроўню жыцьця насельніцтва Беларусі, а таксама дапамогі людзям пры зьмене працы. Ключавая рэкамэндацыя — павялічваць долю расходаў на сацыяльную дапамогу, накіраваную на падтрымку людзей зь нізкім узроўнем даходаў.

У красавіцкім дакладзе World Economic Outlook Міжнародны валютны фонд таксама пагоршыў прагноз росту ВУП Беларусі да 1,8% у 2019 годзе на 1,8%. Летась у кастрычніку МВФ чакаў прыросту ВУП на 3,1%. У 2020-м, паводле МВФ, рост ВУП складзе 2,2%.

У траўні пагоршыў прагноз па Беларусі і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР): у абноўленым травеньскім аглядзе гаворыцца, што у 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 2%, а ў 2020 годзе — на 1,8%. У лістападзе 2018 году ў традыцыйным рэгіянальным аглядзе ЭБРР прагназаваў рост 2,5%.

​На 2019 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 4%, бюджэт краіны сфармаваны зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%. Паводле Белстату, за першы квартал 2019 году ВУП Беларусі вырас на 1,1% ад аналягічнага леташняга пэрыяду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG