Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая спагнаць праз суд кампэнсацыю за брудную расейскую нафту 


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

Урад Беларусі можа зьвярнуцца ў суд, калі Расея адмовіцца кампэнсаваць страчаную выгаду ад паставак бруднай нафты, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка.

«Што тычыцца страчанай выгады, пытаньне ў выпадку недасягненьня дамоўленасьці будзе вырашацца з расейскім бокам праз суд», — цытуе чыноўніка Інтэрфакс.

Ляшэнка адзначыў, што папярэдне дасягнута разуменьне аб неабходнасьці кампэнсацыі стратаў ад пашкоджаньня тэхналягічнага абсталяваньня на Мазырскім НПЗ. Паводле Ляшэнкі, гэтая сума складае каля 20 млн даляраў.

«Мазырскі НПЗ, ня маючы альтэрнатыўнай крыніцы пастаўкі нафты, вымушаны быў аптымізаваць працэс, каб максымальна зьберагчы абсталяваньне ад крытычнага зносу. Папярэдняя шкода эквівалентная 20 млн даляраў», — сказаў Ляшэнка, удакладніўшы, што ў жніўні на заводзе прадугледжаны плянавы капітальны рамонт, падчас якога будуць прааналізаваныя ўсе тэхналягічныя сыстэмы.

18 красавіка на Мазырскім НПЗ выявілі нафту зь перавышэньнем узроўню ўтрыманьня арганічных хлярыдаў, якая паступала з пункту прыёму ў Самарскай вобласьці.

Пасьля гэтага транзыт нафты ў Эўропу па трубаправодзе «Дружба» быў прыпынены. Падача па ўсіх напрамках аднавілася толькі 9 чэрвеня.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG