Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пудинг — лор». У Расеі прайшла акцыя пратэсту супраць паліцэйскай сваволі


Мітынг у Маскве, 23 чэрвеня
Мітынг у Маскве, 23 чэрвеня

У Маскве і яшчэ дзесяці гарадах Расеі прайшлі акцыі ў падтрымку журналіста Meduza Івана Галунова, якога раней затрымлівалі нібыта за наркотыкі і адпусьцілі пасьля масавых пратэстаў, а таксама супраць фабрыкаваньня крымінальных справаў і за гуманізацыю праваахоўнай сыстэмы, расказвае расейская служба Свабоды.

Маскоўскі мітынг быў узгоднены з уладамі і арганізаваны прафсаюзам журналістаў і незарэгістраванай Лібэртарыянскай партыяй. Паводле незалежных назіральнікаў, на яго прыйшлі амаль чатыры тысячы чалавек. Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю.

Плякат на мітынгу ў Маскве зь пералікам некаторых з тых, каго пратэстоўцы лічаць затрыманымі ў сфабрыкаваных справах
Плякат на мітынгу ў Маскве зь пералікам некаторых з тых, каго пратэстоўцы лічаць затрыманымі ў сфабрыкаваных справах

На маскоўскім мітынгу выступалі бацькі арыштаваных у справах нібыта экстрэмісцкіх арганізацыяў «Нового величия» і «Сети» (яны і шэраг праваабаронцаў называюць гэтыя справы сфабрыкаванымі), блізкія і калегі затрыманых актывістаў, журналісты, праціўнікі будаўніцтва звалак пад Масквой, юрысты Фонду барацьбы з карупцыяй і іншыя.

Разам з партрэтамі зьняволеных удзельнікі паказвалі чырвоныя карткі — у футболе гэта сымбаль выдаленьня з поля. Былі затрыманыя некалькі чалавек, у тым ліку мастак Арцём Лоскутаў, які трымаў невялічкі плякат «Мусора хуже г…на» (хоць раней экспэртыза прызнала слова «мусор» не абразьлівым для расейскай паліцыі).

У Санкт-Пецярбургу аналягічная акцыя не была ўзгодненая з уладамі (нібыта праз тое, што ўвечары ў горадзе мела прайсьці сьвята выпускнікоў»), затрымалі некалькі ўдзельнікаў, у тым ліку актывіста, які адразу прыйшоў на акцыю закутым у калодкі.

Таксама ў Пецярбурзе затрымалі чалавека з плякатам з надпісам «Пудинг — лор». Фраза ня мае сэнсу, але сугучная зь лёзунгам «Путин — вор», папулярным на антыкарупцыйных мітынгах у Расеі. Раней расейцы выступалі з «сугучнымі лёзунгамі» накшталт «Россия без Агутина» пераважна на «манстрацыях», але часам і на сур’ёзных акцыях.

Ва Ўладзівастоку, Хабараўку, Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Пермі і Калінінградзе і іншых гарадах мітынгі прайшлі без затрыманьняў і сабралі кожны менш за сто чалавек. У Навакузьнецку невядомыя залілі клеем замок на дзьвярах актывіста Лібэртарыянскай партыі — той ня змог своечасова выбрацца з кватэры.

Два тыдні таму на мітынгах падобнай тэматыкі ў Расеі затрымалі больш як пяць соцень чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG