Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вызвалілі Івана Галунова

абноўлена

Іван Галуноў пасьля вызваленьня

Крымінальны перасьлед журналіста Івана Галунова спынены ў сувязі зь недаказанасьцю яго ўдзелу ў злачынстве. За гэтым перасьледам, які доўжыўся шэсьць дзён, сачылі ў Беларусі, шмат хто ў сьвеце і амаль усе ў Расеі.

«Ведомости», «Коммерсант» і РБК упершыню ў гісторыі выйшлі з аднолькавай вокладкай «Я / Мы Галуноў», а шматлікія калегі і сябры журналіста кожны дзень з самае раніцы да позьняй ночы выходзілі на пікеты ў падтрымку карэспандэнта «Мэдузы». Чаму вызвалілі журналіста? Прапануем дыскусію, якая адбылася на расейскай Свабодзе з удзелам праваабаронцы Вольгі Раманавай, удзельніка праекту «Наркафобія» Георгія Ванунца, адвакатаў Пятра Заікіна і Аляксандра Піхоўкіна, расейскага палітыка Генадзя Гудкова і вядоўцы Сяргея Дабрыніна.

Тут поўнае відэа дыскусіі. Прапануем некалькі яе фрагмэнтаў:

«Галоснасьць, вялікая салідарнасьць грамадзтва і журналісцкая салідарнасьць»

Генадзь Гудкоў: Калі ў 90-я гады наркотыкі падкідвалі банкірам, бізнэсоўцам, каб вымагаць грошы, каб узбагачацца — гэта быў паўбандыцкі міліцэйскі рэкет, то цяпер гэта выкарыстоўваецца для распраў з палітычнымі апанэнтамі. Яны ў нас усе тут жа становяцца наркаманамі, п’яніцамі, алькаголікамі, забіякамі ці пэдафіламі.

Гэта ўпадабаны прыём нашай улады, заадно і маргіналізаваць. Які можа быць лідэр грамадзкай думкі, грамадзкага руху, калі ён наркату спажывае? Да сёньняшняга дня праваахоўная сыстэма штампавала гэтыя ганебныя прысуды, пастановы сьледзтва адны за адным. Упершыню сыстэма пачала бунтаваць. Узровень бязьмежжа, цынізму і нахабства зашкаліў, і ўжо людзі ў самой сыстэме, судзьдзі ня сталі саджаць гэтага хлопца. Газэты, падкантрольныя Крамлю, крамлёўскім алігархам, выйшлі з адзіным загалоўкам. Лекары ня сталі «липовать» аналізы, яны вельмі часта гэта робяць, заплюшчваюць вочы. Сыстэма пачынае паўставаць супраць гэтага бязьмежжа, супраць гэтага цынізму, супраць гэтых расправаў, якія выкарыстоўваюць супраць апанэнтаў рэжыму, супраць выкрывальнікаў, супраць змагароў з карупцыяй — гэта вельмі сурʼёзная прыкмета.

Вядома, самае галоўнае, што ўлада спалохалася народу. Таму што ў сераду тысяч 30-40, а можа быць, і больш, плянавалі выйсьці на несанкцыянаваны марш, яны гатовыя былі быць у небясьпецы, быць затрыманымі, быць арыштаванымі, быць асуджанымі і гэтак далей. І ў людзей перапоўнілася чаша цярпеньня супраць гэтага ўсяго бязладдзя. Людзі бачаць — катуюць, зьбіваюць, забіваюць, ніякай адказнасьці, ніякага пакараньня. І ўжо ў людзей канчаецца цярпеньне. Улада спалохалася.

Сяргей Дабрынін: Вольга, як вы думаеце, гэтыя справы, калі праваабаронцам, грамадзкім дзеячам, журналістам падкідваюць наркотыкі, зараз да іх будзе асаблівая ўвага, больш ніхто так проста не паверыць, што гэта сапраўды, ці значыць, што перастануць фабрыкаваць такія справы?

Вольга Раманава: Я думаю, што зусім зразумелая эўфарыя з нагоды вызваленьня Івана Галунова, яна мае пад сабой вялікія вельмі эмацыйныя падставы, але рэальных падставаў няма. Я зусім ня згодная з Генадзем Гудковым, што гэта перамога грамадзянскай супольнасьці. Я лічу, што Крэмль грамадзянскую супольнасьць чарговым разам перайграў. Таму што тое, што гэтая хваля цяпер рэзка пайшла на спад, дабіўшыся вызваленьня аднаго чалавека, грамадзтва ў асноўнай сваёй масе гэтым задаволена, кажа пра тое, што наш шлях яшчэ наперадзе, па ім нам яшчэ ісьці і ісьці.

Сяргей Дабрынін: Давайце тады абмяркуем, чаму вызвалілі Івана Галунова. Ёсьць розныя фактары, напрыклад, Уладзіміру Пуціну сапсавалі яго любімы карпаратыў — Пецярбурскі эканамічны форум, многія выходзілі ў пікеты, у Маскве будуць выбары. Ёсьць шмат фактараў, кожны зь якіх мог адыграць ролю. Які, як вы лічыце, адыграў галоўную ролю?

Вольга Раманава: Вядома, перш за ўсё галоснасьць, вялікая салідарнасьць грамадзтва і журналісцкая салідарнасьць. Таму то калі сапраўды ў момант Пецярбурскага эканамічнага форуму раптам выявілася, што Івана Галунова згадваюць у некалькі разоў часьцей, чым Уладзіміра Пуціна — гэта не магло не зьбянтэжыць Крэмль.

«Гэта сумесная перамога Івана, яго калег-журналістаў і адвакатаў​»

Сяргей Дабрынін: Вольга, ці вы чакалі, што адбудзецца вызваленьне?

Вольга Раманава: Шчыра кажучы, так і не. Таму што гэта была абсалютна беспрэцэдэнтная грамадзкая падтрымка. Напярэдадні сьвята, напярэдадні выступу Пуціна, гэта быў цалкам лягічны ход.

Сяргей Дабрынін: З пункту гледжаньня юрыдычнай працэдуры, наколькі гэта беспрэцэдэнтная падзея?

Пётр Заікін: З улікам тых абставін, якія выкладзеныя ў прэсе, дастаткова лягічная сытуацыя. Наколькі я зразумеў, тыя рэчывы, якія ставіліся ў віну як наркатычныя, былі канфіскаваныя У дадзеным выпадку гэта не вельмі ўвязваецца ў тую лёгіку дакумэнтаваньня супрацьпраўнай дзейнасьці, якая павінна быць. Па-другое, шэраг іншых абставінаў, якія паказваюць на прыкметы таго, што іх маглі проста падкінуць. Напрыклад, апісаньне, дзе яна знаходзіліся. Акрамя таго сама фактура, калі ніякіх сьлядоў наркатычных рэчываў, ні рэшткаў на руках, на адзеньні, адсутнічаюць прыкметы спажываньня рэчываў. Я нагадаю, што былі ўзятыя біялягічныя ўзоры. Усё гэта працавала на карысьць Івана, безумоўна. У той жа час вельмі нелягічна была выбудаваная пазыцыя праваахоўнікаў, так званых праваахоўнікаў, якія паказвалі на тое, што была працяглая распрацоўка, тым ня менш, не змаглі прадставіць ні суду, ні грамадзкасьці ніякіх аргумэнтаў, якія пацьвярджаюць свае словы.

Сяргей Дабрынін: Вы так кажаце, як быццам, ва ўсіх астатніх выпадках, калі справа тычыцца не Івана Галунова, ня нейкага вядомага чалавека, а звычайнага мінака з вуліцы, там сьледзтва прадастаўляе ўсе гэтыя доказы заўсёды.

Пётр Заікін: Не, вядома. Калі б такая грамадзкая рэакцыя была па любой іншай справе, напэўна, вынік быў бы такі ж. На жаль, большасьць спраў праходзяць міма, людзі ламаюцца, здаюцца пад ціскам сыстэмы. У дадзеным выпадку, я лічу, гэта сумесная перамога Івана, яго калег-журналістаў і адвакатаў, якія дзейнічалі пасьлядоўна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG