Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Галунова вызваляць і абвінавачаньне зь яго здымуць — кіраўнік МУС Расеі


Іван Галуноў

Журналіст Іван Галуноў будзе вызвалены з-пад арышту 11 чэрвеня і абвінавачаньні зь яго будуць зьнятыя за недаказанасьцю, заявіў журналістам кіраўнік МУС Расеі Ўладзімір Калакольцаў.

«Па выніках правядзеньня крыміналістычных, біялагічных, дактыляскапічных і генэтычных экспэртыз прынята рашэньне аб спыненьні крымінальнага пераследу І. Галунова ў сувязі зь недаказанасьцю яго удзелу ў зьдзяйсненьні злачынства. Сёння ён будзе вызвалены з-пад хатняга арышту, абвінавачаньне зьнята», — цытуе Калакольцава «Інтэрфакс».

Генэральны дырэктар «Медузы» Галіна Цімчанка падзякавала ўсім за салідарнасьць у справе журналіста гэтага выданьня Івана Галунова.

«Я шчасьлівая, плачу. Мы выдатна разумеем, што гэта адбылося дзякуючы намаганьням сотняў і тысяч людзей. Вялікая ўдзячнасьць усім ім», – сказала Цімчанка «Інтэрфаксу».

Калакольцаў заявіў, што будзе хадайнічаць перад прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным аб звальненьні начальніка ўпраўленьня па барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў МУС па Маскве Юрыя Дзявяткіна.

Калакольцаў таксама сказаў, што правамернасьць дзеяньняў паліцыянтаў, якія затрымлівалі Галунова, праверыць Сьледчы камітэт. На час праверкі супрацоўнікі МУС, якія ўдзельнічалі ў справе, адхіленыя ад працы.

Карэспандэнта «Медузы», які спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях, затрымалі ў Маскве 6 чэрвеня. Яго абвінавацілі ў спробе збыту наркотыкаў: нібыта ў Галунова выявілі некалькі грамаў забароненага рэчыва.

Журналіст адмаўляў сваю віну, экспэртыза ня выявіла ў крыві журналіста сьлядоў наркотыкаў.

Калегі Галунова заяўлялі аб яго невінаватасьці і фабрыкацыі справы. Ён сам у судзе сказаў, што атрымліваў пагрозы ў сувязі з новым расьсьледаваньнем аб пахавальным бізнэсе ў Маскве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG