Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расeя: журналіста Галунова вызвалілі з-пад арышту


Іван Гaлуноў на свабодзе

Журналіст выданьня «Медуза» Іван Гaлуноў увечары 11 чэрвеня выйшаў на волю з-пад хатняга арышту. Каля будынку Галоўнага сьледчага ўпраўленьня МУС па Маскве яго чакалі дзясяткі людзей. Гaлуноў заявіў, што будзе працягваць займацца расьсьледаваньнямі.

Аб спыненьні крымінальнай справы ў дачыненьні да Гaлунова паведаміў журналістам 11 чэрвеня міністар унутраных справаў Расеі Ўладзімір Калакольцаў. Рашэньне прынятае ў сувязі зь недаказанасьцю віны журналіста.

Калакольцаў заявіў, што будзе хадайнічаць перад прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным аб адхіленьні ад пасады начальніка па барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў ГУ МУС па Маскве Юрыя Дзявяткіна. Ён дадаў, што будзе патрабаваць адстаўкі начальніка Ўпраўлення ўнутраных справаў па Заходняй акрузе расейскай сталіцы Андрэя Пучкова. Супрацоўнікі паліцыі, якія затрымлівалі Галунова, адхіленыя ад выкананьня службовых абавязкаў. Сьледчы камітэт Расеі пачаў праверку ўсіх датычных да крымінальнага перасьледу журналіста супрацоўнікаў паліцыі.

Іван Гaлуноў — аўтар рэзанансных тэкстаў аб закупах у маскоўскім ўрадзе, пахавальным і сьмецьцевым бізнэсе. Дзякуючы яго расьсьледаваньням сталі вядомыя пляны мэрыі Масквы вывозіць сьмецьце ў рэгіёны Расеі, яго публікацыі дазволілі адмяніць тэндэры на дзяржаўныя закупы на мільярды расейскіх рублёў.

6 чэрвеня Галунова затрымалі ў Маскве паводле абвінавачаньні ў «замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры». Артыкул Крымінальнага кодэксу Расеі за гэта прадугледжвае ў выпадку прызнаньня вінаватым ад 10 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля яго адпусьцілі пад хатні арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG