Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча пачала рыхтавацца да пабудовы АЭС


АЭС у Японіі, ілюстрацыйнае фота
АЭС у Японіі, ілюстрацыйнае фота

Станцыю мяркуюць пабудаваць на Памор’і — гэта рэгіён на поўначы краіны, каля Гданьска. Цяпер дамаўляюцца зь мясцовымі жыхарамі.

Міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі паведаміў Польскаму Радыё аб пачатку падрыхтоўкі будаўніцтва атамнай электрастанцыі – цяпер ідуць кансультацыі зь мясцовай грамадзкасьцю і, як кажа міністар, «у пэўным сэньсе ёсьць супольная згода».

Дабудаваць АЭС плянуюць да 2033 году, пад будаўніцтва ўжо створанае акцыянэрнае таварыства PGE EJ1 — яно раней вяло дасьледаваньні асяродзьдзя. Падрыхтоўчыя працы могуць трываць некалькі гадоў. Паводле Тхужэўскага, магутнасьць АЭС складзе каля 1000 МВт (агульная плянаваная магутнасьць БелАЭС, для параўнаньня, мае скласьці 2300 МВт).

Міністар расказаў, што магчымыя пляцоўкі ўжо выбраныя ў раёне Памор’я, але якія менавіта, не ўдакладніў. Два гады таму разглядаліся дзьве мясцовасьці ў Паморскім ваяводзтве – Любятова-Капаліна і Жарновец.

Абедзьве тыя пляцоўкі – у раёне Жарнавецкага возера, у 30–40 км ад Гдыні, каля 150–160 км ад расейскага Калінінграду, 390–400 км ад Горадні або 615–625 км ад Менску.

Будаўніцтва першай польскай атамнай электрастанцыі ў Жарноўцы магутнасьцю ў 1860 МВт было пачатае ў 1983 годзе, але спынілася ў 1989 годзе пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і хвалі пратэстаў. Афіцыйна будаўніцтва спынілі таксама праз сумневы ў рэнтабэльнасьці параўнальна з традыцыйнымі электрастанцыямі, а таксама пытаньні з энэргетычным балянсам.

Але з таго часу польскія палітыкі пэрыядычна прапаноўвалі або дабудаваць АЭС у Жарноўцы, або збудаваць станцыю на новым месцы. Тэма стала гучаць усё часьцей, калі Польшча вырашыла не купляць энэргію зь БелАЭС. Спэцыялісты зь якіх кампаніяў і якіх краінаў будуць запрошаныя для будаўніцтва польскай АЭС, пакуль не паведамляецца.

Пляцоўка будаўніцтва АЭС у Жарноўцы, Польшча, 2006 год
Пляцоўка будаўніцтва АЭС у Жарноўцы, Польшча, 2006 год

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG