Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце: «Літва ня можа супрацоўнічаць зь Беларусьсю праз будаўніцтва Астравецкай АЭС».


Будоўля Астравецкай АЭС

Прэзыдэнтка Літвы лічыць, што такім чынам Літва прызнае законнасьць пабудовы атамнай электрастанцыі ля сваіх межаў.

Паводле Далі Грыбаўскайце, супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў той час, калі рыхтуецца да запуску Астравецкая АЭС, немагчымае. Паколькі такім чынам Літва прызнала б законнасьць гэтай электрастанцыі і страціла б магчымасьць патрабаваць яе закрыцьця.

«Любая згода на ўдзел і стварэньне сумесных інстытутаў будзе азначаць легітымацыю Астравецкай АЭС, — цытуе словы прэзыдэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце агенцтва DELFI. — Гэта азначала б, што мы зьвязваем свае рукі, і мы не зможам патрабаваць, каб Беларусь закрыла гэтую электрастанцыю».

Прэзыдэнтка Літвы адзначыла, што яе словы датычаць і прапановы Беларусі дамовіцца аб стварэньні сумеснай сыстэмы маніторынгу Астравецкай АЭС, якую раней станоўча ацаніў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс.

«Супрацоўніцтва з Беларусьсю ў пытаньні па Астраўцу азначала б юрыдычнае прызнаньне Астравецкай АЭС і зьвязваньне нам рук, — сказала Грыбаўскайце. — Праблема не ў бясьпецы электрастанцыі, а ў тым, што абраная пляцоўка небясьпечная. Гэта азначае, што дадзеная электрастанцыя наогул не можа функцыянаваць і такой павінна быць палітычная мэта Літвы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG