Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паксасу сказалі ў Беларусі: Астравецкая АЭС будзе запушчаная ў сьнежні

абноўлена

Астравецкая АЭС

Эўрапарлямэнтар Раландас Паксас ні з кім не ўзгадняў свой візыт да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ня верыць, што ім у сваіх мэтах можа карыстацца прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, зь якім ён сустракаўся летась.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Паксас не прадстаўляе Літву, піша Delfi.

На прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу ён сказаў, што яго візыт у Беларусь быў працягам візыту ў Расею.

«Як дэпутат Эўрапарлямэнту я не абавязаны ні з кім узгадняць свае візыты, за выключэньнем службаў ЭП», — сказаў Паксас.

На пытаньне, ці не здаецца яму, што ім карыстаецца Пуцін, ён адказаў: «Мною ніхто не карыстаецца. Я паспрабаваў бы лягічна даказаць, што вашае пытаньне нелягічнае. Калі ў Астраўцы зьявіліся два рэактары, (...) Беларусь дывэрсыфікуе сваю энэргетыку», — сказаў Паксас.

Зь Беларусі Паксас прывёз навіну пра тое, «што спыніць Астравецкую АЭС немагчыма».

«Яе запусьцяць у сьнежні», — сказаў Паксас. Ён сказаў, што падаў прапанову ў сувязі з прыцягненьнем экспэртаў, «словы якіх ня выклічуць сумневаў», яны ацэняць сытуацыю ў сувязі зь бясьпекай АЭС.

«Прэзыдэнт Лукашэнка мяне падтрымаў», — сказаў эўрапарлямэнтар.

Ён таксама разьвіваў ідэю, якая абмяркоўвалася на сустрэчы з Пуціным — аб дэмілітарызацыі Калінінградзкай вобласьці і Літвы.

У будучыні Паксас плянуе сустрэцца і з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Аляксандар Лукашэнка 2 траўня правёў у Менску сустрэчу з былым прэзыдэнтам Літвы, а цяпер дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту Раландасам Паксасам. Ініцыятыва візыту паходзіла ад Паксаса, сьцьвярджае прэс-служба Лукашэнкі.

У канцы 1990-х Раляндас Паксас быў мэрам Вільні і старшынём Саюзу лібэралаў Літвы, быў прэм’ер-міністрам Літвы некалькі месяцаў у 1990 годзе і з 26 кастрычніка 2000 году па 20 чэрвеня 2001-га, у 2002 годзе заснаваў Лібэральна-дэмакратычную партыю.

У пачатку 2003 году быў выбраны прэзыдэнтам, але ў красавіку 2004 году быў адхілены ад пасады за парушэньні Канстытуцыі: яго прызналі вінаватым у незаконным прадстаўленьні асобе грамадзянства, незабесьпячэньні дзяржаўнай таямніцы і ціску на прыватныя асобы і кампаніі. Годам пазьней апэляцыйны суд зноў прызнаў яго вінаватым, але ў сьнежні 2005 году Вярхоўны суд Літвы вынес апраўдальны прысуд. Эўрапейскі суд па правах чалавека і Камітэт ААН па правах чалавека пазьней называлі проціпраўным забарону Паскасу балятавацца на палітычныя пасады.

Візыт Паксаса адбыўся незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у Літве — першы тур заплянаваны на 12 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG