Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літвы зноў можа быць прэзыдэнтка. Менш за палову літоўцаў ведаюць, за каго галасаваць


Дзейная прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце ў 2009 годзе, праз паўгода па інаўгурацыі
Дзейная прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце ў 2009 годзе, праз паўгода па інаўгурацыі

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Літве прызначаны на 12 траўня. Калі пераможцу ня вызначаць, другі тур пройдзе 26 траўня. Сытуацыя ў нечым нагадвае нядаўнія ўкраінскія выбары: вынік непрадказальны.

Дзейная прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце ня будзе балятавацца: яна ўжо прабыла на пасадзе два тэрміны (і амаль дзесяць гадоў), балятавацца надалей ёй не дазваляе Канстытуцыя. Цяпер у Літвы будзе шосты прэзыдэнт з аднаўленьня незалежнасьці.

Літоўскае Delfi перадае вынікі апытаньня, якое праводзілася 20–29 красавіка: чвэрць апытаных або не захацела адказваць, за каго будзе галасаваць, або адказала, што сумняваецца з выбарам кандыдата. 29,4% апытаных сказалі, што хутчэй вызначыліся, але яшчэ могуць зьмяніць выбар. Толькі 43% адназначна вырашылі, за каго прагаласуюць.

Але ўжо вызначылася тройка лідэраў:

Інгрыда Шыманіце — 26,2% апытаных (плюс 1,4% да апытаньня ў сакавіку). Кандыдатка ад цяпер апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты». Эканамістка, былая міністарка фінансаў (2009–2012) і былая старшыня праўленьня Банку Літвы (2013–2016), цяпер дэпутатка Сойму. 44 гады, ня замужам, ня мае дзяцей.

Гінтас Наўседа — 24,6% апытаных (мінус 3,3% за месяц). Беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 54 гады, жанаты, дзьве дачкі.

Саўлюс Сквярняліс — 16,6% апытаных (плюс 2,1%). Кандыдат ад партыі «Саюз сялянаў і зялёных», якая цяпер уваходзіць у кіроўную кааліцыю. Нярэдка публічна канфліктуе зь дзейнай прэзыдэнткай. Ад інспэктара дарожнай паліцыі даслужыўся да генэральнага камісара паліцыі (2011–2014). Былы міністар унутраных справаў (2014–2016), дзейны прэм’ер-міністар (з канца 2016 году). 48 гадоў, жанаты, мае дачку і сына.

Яшчэ два кандыдаты маюць падтрымку каля 5%, астатнія — ніжэй за 2%. Наўседу часьцей за астатніх называюць «кандыдатам эліты», Сквярняліса каля чвэрці лічаць «пагрозай дэмакратыі». Ніводзін з кандыдатаў ня ёсьць адкрыта прарасейскім ці «прапуцінскім», хаця Сквярняліс і некаторыя менш папулярныя кандыдаты выступаюць за больш прагматычныя (некаторыя — за больш «добрасуседзкія») стасункі з Расеяй.

Адначасова зь першым турам у Літве пройдзе рэфэрэндум аб магчымасьці двайнога грамадзянства (пакуль яно забароненае за рэдкімі выключэньнямі) і аб скарачэньні колькасьці дэпутатаў Сойму са 141 да 121 (парлямэнт аднапалатны, у Беларусі на дзьве палаты 174 дэпутаты). Калі будзе другі тур, ён пройдзе адначасова з выбарамі ў Эўрапарлямэнт.

Тым часам адзін з былых прэзыдэнтаў Літвы, адхілены ад улады праз год на пасадзе Раландас Паксас сустрэўся 2 траўня з Аляксандрам Лукшэнкам. З сустрэчы не паведамлялася шмат падрабязнасьцяў — вядома, што Лукашэнка казаў яму, што «Эўропу штарміць», што «суседзяў не выбіраюць» і што «пытаньне БелАЭС у Літве моцна палітызаванае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG