Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Літва ўступілі ў дыпляматычную спрэчку вакол БелАЭС


Астравецкая АЭС

Міністэрства замежных спраў і Міністэрства энэргетыкі Літвы накіравалі ў Эўракамісію зварот з заклікам распрацаваць плян дзеяньняў у дачыненьні да БелАЭС. Пра гэта паведаміла 3 траўня прэс-служба літоўскага МЗС.

На просьбу парталу TUT.BY гэты зварот пракамэнтаваў беларускі МЗС.

«З жалем чарговы раз вымушаны канстатаваць, што літоўскі бок зьвяртаецца да беспадстаўных і адкрыта хлусьлівых заяваў у дачыненьні да рэалізоўванага праекту Беларускай АЭС і прыманых захадаў забесьпячэньня яе бясьпекі», — гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

«Мы хацелі б нагадаць, што Рэспубліка Беларусь ніколі не ўхілялася ад міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтых пытаньнях. Мы шырока выкарыстоўваем міжнародную экспэртызу і перадавы досьвед, цесна супрацоўнічаючы з МАГАТЭ і іншымі профільнымі агенцтвамі. Эўракамісія застаецца адным з асноўных нашых партнэраў у справе забесьпячэньня найвышэйшай ступені бясьпекі будучай станцыі», — адзначыў прэс-сакратар МЗС.

Беларусь, працягнуў ён, неаднаразова заяўляла пра намер працягваць супрацоўніцтва з ЭЗ у гэтай сфэры і пацьвярджае яго. Правядзеньне стрэс-тэстаў будаванай станцыі паводле эўрапейскай мэтадалёгіі — таму сьведчаньне.

«Літоўскія спэцыялісты ўдзельнічалі ў партнэрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС і выдатна ведаюць пра тое, што эўрапейскія рэгулятары ня выявілі праблемаў зь бясьпекай станцыі. Партнэрская праверка адзначыла шэраг належных практык і дала рэкамэндацыі што да далейшага павышэньня запасаў трываласьці АЭС», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

«Такі клопат літоўскага боку аб бясьпецы ўсяго Эўрапейскага зьвязу, на наш погляд, мае зусім іншыя мэты — адцягнуць увагу ад вядомых складанасьцяў з вывадам з эксплюатацыі Ігналінскай АЭС і будаўніцтвам ядзерных могільнікаў ля мяжы зь Беларусьсю. Чым яшчэ можна апраўдаць ўхіленьне ад прапановы беларускага боку стварыць сыстэму маніторынгу ядзерных аб’ектаў, разьмешчаных на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў? » - падкрэсьліў прэс-сакратар МЗС.

Праект Беларускай АЭС, якая будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі, ад самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку Літвы. У 2017 годзе літоўскі сойм прыняў закон, згодна зь якім БелАЭС прызнана пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны. Літоўскі ўрад ня мае намеру купляць электраэнэргію з атамнай станцыі і плянуе перашкаджаць спробам экспарту электраэнэргіі зь БелАЭС ў Эўразьвяз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG