Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына, Чэхія і Польшча прыпынілі закуп расейскай нафты з прычыны яе нізкай якасьці. Што адбываецца


Польшча 25 красавіка спыніла адбор расейскай нафты з нафтаправоду «Дружба» з прычыны яе нізкай якасьці.

Напярэдадні 24 красавіка апэратар польскага ўчастку нафтаправоду «Дружба» паведаміў беларускаму ААТ «Гомельтранснафта Дружба» аб прыпыненьні прыёму на тэрыторыі Польшчы нафты, якая не адпавядае заяўленым характарыстыкам. А беларускі бок, праз чыю тэрыторыю ідзе трубаправод у Польшчу, таксама накіраваў тэлефанаграму ў расейскі Бранск аб прыпыненьні транзыту ў заходнім кірунку, паведамляе «Настоящее время».

Reuters паведамляе, што тое самае ў адносінах да расейскай нафты зрабілі Нямеччына і Чэхія, але афіцыйнага пацьверджаньня пакуль няма.

Беларусь 24 красавіка таксама афіцыйна заявіла, што якасьць расейскага гатунку Urals у яе трубаправодах ўпала ніжэй за норму праз рост канцэнтрацыі «хлорарганічных злучэньняў» і што ў трубу на тэрыторыі Беларусі трапіла больш за 700 тысяч тон няякаснай нафты, якая вывела са строю дарагое абсталяваньне Мазырскага НПЗ.

Як распавёў 25 красавіка намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў, Беларусь ацаніла свае страты ў $ 100 млн.

Тры прадстаўнікі трэйдынгавых кампаній на Захадзе распавялі Reuters, што эўрапейскія імпарцёры могуць выступіць з пазовам супраць «Транснафты» і запатрабаваць выплаты кампэнсацый за няякасную нафту, якую Расея адправіла ў трубы «Дружбы». Памеры гэтых кампэнсацый не паведамляюцца. Але польская кампанія PERN, якая кантралюе польскі ўчастак нафтаправоду «Дружба», зараз адпраўляе кліентам не расейскую нафту, а ўласную сыравіну.

«Разавая праблема»

У Міністэрстве энэргетыкі Расеі пацьвердзілі праблему зь якасьцю нафты, якая адпраўляецца на экспарт, і заявілі, што «Транснафта» у тэрміновым парадку спрабуе выправіць сытуацыю. Намесьнік старшыні ўраду Расеі Дзьмітрый Козак 25 красавіка распавёў, што 26 красавіка «Транснафта» адпампуе няякасную нафту з труб на баку Польшчы і Беларусі.

«Мы сумесна цяпер вырашаем, заўтра будуць трохбаковыя перамовы з удзелам Польшчы, мы прымаем апэратыўныя меры. Цяпер на тэрыторыі РФ значная частка гэтай нафты, якая нізкай якасьці, адпампаваная ў ёмістасьці на тэрыторыі РФ. І ўжо 29 красавіка, у панядзелак, чыстая, якасная нафта будзе на мяжы з Беларусьсю», — паабяцаў Козак.

Прадстаўнік Козака Ільля Джус раней таксама запэўніваў, што праблема з забруджваньнем нафты «носіць выключна тэхнічны характар». Вінаватых у гэтым ані ён, ані Козак не назвалі, і як няякасная нафта патрапіла ў сыстэму — чыноўнікі не раскрываюць.

Чаму Беларусь можа выйграць ад «дрэнны нафты»

Нафтаперапрацоўка — адна з асноўных крыніцаў даходаў беларускага бюджэту. З 2015 года Беларусь уклала парадку ^$ 2,5 млрд у мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, якая павінна была завяршыцца ў канцы 2019 году.

Намесьнік гендырэктара беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб распавёў, што краіна да канца 2019 году можа пачаць шукаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты. Адным з варыянтаў былі пастаўкі праз марскія парты краінаў Балтыі, другім — праз Адэсу і нафтаправод «Адэса-Броды» на Мазырскі НПЗ. Пра тое, што краіне трэба шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты праз тыя ж балтыйскія парты, казаў яшчэ ў пачатку студзеня і прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Скандал зь якасьцю расейскай нафты можа ўзмацніць імкненьне Беларусі адмовіцца ад паставак з Расеі ці, прынамсі, больш актыўна шукаць ім альтэрнатыву. Зараз сытуацыю ўскладняе і тое, што ў канцы сьнежня 2018 году адносіны Беларусі і Расеі рэзка пагоршыліся праз прынятыя зьмены ў расейскім падатковым заканадаўстве (так званы «падатковы манэўр», падчас якога Расея паступова абнуляе экспартныя пошліны і паралельна павышае падатак на здабычу карысных выкапняў). У Беларусі былі супраць гэтых зьменаў і заяўлялі, што Менску праз гэта давядзецца закупляць нафту ў Расеі па больш высокай цане. Але пры гэтым сама Беларусь ня зможа прадаваць прадукты нафтаперапрацоўкі, дадаючы да іх экспартную пошліну, паколькі гэта забаронена рабіць па дамове аб мытнай прасторы ЭAЭC.

У Мінфіне Беларусі ацэньвалі страты ад «падатковага манэўру» Расеі толькі ў 2019 года ў $ 300 млн, а на бліжэйшыя гады — да $ 12 млрд. У гэтай сувязі Менск зьбіраўся патрабаваць дадатковых кампэнсацый ад Расеі, але на гэта ў Крамлі заяўлялі, што не дадуць Беларусі абяцаньняў па выплатах. Ня выключана, што распачаты скандал з «дрэннай нафтай» у выніку зробіць Расею больш згаворлівай і дасьць магчымасьць Беларусі дабіцца ад Расеі больш выгадных умоваў па цане нафты.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG