Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім» агучыў страты ад прыпыненьня экспарту нафтапрадуктаў


Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»

«Белнафтахім» ацэньвае страты ад недаатрыманай выручкі ад экспарту нафтапрадуктаў з-за няякаснай расейскай нафты ў суму каля $ 100 млн даляраў, сказаў журналістам 25 красавіка намесьнік старшыні канцэрну Ўладзімер Сізоў, паведамляе БЕЛТА.

«Цяпер мы ацэньваем страты, якія мы будзем трываць у красавіку. На сёньня яны складаюць каля 100 млн даляраў у выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў», — сказаў Сізоў.

Паводле яго, сёньня абодва нафтаперапрацоўчыя заводы (Мазырскі НПЗ і «Нафтан») працуюць на загрузцы прыкладна 50% ад таго ўзроўню, які быў да моманту пастаўкі расейскай нафты з пагоршанымі характарыстыкамі.

Цяпер старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў знаходзіцца ў Маскве для ўрэгуляваньня пытаньняў з пастаўкамі расейскай нафты, а 26 красавіка, як сказаў Сізоў, прадстаўнікі «Транснефти» прыедуць на перамовы ў Менск.

Паводле намесьніка кіраўніка «Белнафтахіму», падчас сустрэчы беларускі бок, меркавана, атрымае канкрэтную інфармацыю пра час прыходу «чыстай» нафты, каб спрагназаваць працу ўсёй нафтатранспартнай і нафтаперапрацоўчай сыстэмы.

Беларусь часткова аднавіла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў ва Ўкраіну і Польшчу

Сізоў таксама распавёў, што Беларусь часткова аднавіла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў ва Ўкраіну і Польшчу пасьля часовага прыпыненьня.

«Цяпер прынятае рашэньне аб пастаўцы каля 32 тысяч тон дызэльнага паліва ў напрамку Ўкраіны, 8 тысяч тон дызэльнага паліва ў напрамку Польшчы і каля 10 тысяч тон аўтамабільных бэнзінаў таксама ў напрамку ўкраінскага рынку», — адзначыў Сізоў.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG