Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім»: Калі Расея пачне пастаўляць якасную нафту, невядома


Нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» у Наваполацку

У канцэрне «Белнафтахім» пакуль няма інфармацыі пра канкрэтную дату, калі Расея пачне пастаўляць якасную нафту.

«Мяч на расейскім баку. Мы зацікаўленыя ў больш хуткім вырашэньні гэтага пытаньня. Пакуль канкрэтнай даты, калі пачне паступаць якасная нафта, мы ня маем», — сказала карэспандэнту Свабоды прадстаўніца канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка.

«Сытуацыя не памянялася»

На Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод працягвае пастаўляцца забруджаная расейская нафта. Тым часам на «Нафтан» пачала паступаць больш чыстая нафта па нафтаправодзе з сургуцкага напрамку.

«Сытуацыя не памянялася параўнальна з учарашнім днём. На абодвух заводах загрузка зьніжаная», — сказала Марына Касьцючэнка.

Пра пагаршэньне якасьці расейскай нафты Urals, якая пастаўляецца ў Беларусь, заявілі ў канцэрне «Белнафтахім» 19 красавіка. Пазьней зьявілася інфармацыя, што на Мазырскім НПЗ з прычыны няякаснай нафты выйшла са строю дарагое абсталяваньне. Другі беларускі НПЗ «Нафтан», каб зьберагчы абсталяваньне, зьнізіў прапускную здольнасьць амаль на 50%.

Польскі бок спыніў транзыт «на няпэўны час»

У канцэрне «Белнафтахім» таксама пацьвердзілі, што польскі бок спыніў транзыт расейскай нафты па «Дружбе». Інфармацыя пра гэта разьмешчаная на сайце беларускага апэратара магістральнага нафтаправоду «Гомельтранснафта Дружба».

Паводле ліста польскага апэратара магістральнага нафтаправоду PERN S.A, польскі бок спыніў «на няпэўны тэрмін» прыём нафты ў пункце здачы нафты Адамава.

Прычынай спыненьня называецца адмова НПЗ, падлучаных да нафтаправоду «Дружба», прымаць нафту са значным перавышэньнем паказчыка арганічных хлярыдаў (да 30 разоў па масавай долі ад гранічнага нарматыву).

«Працяг паставак нафты з утрыманьнем арганічных хлярыдаў вышэй за ліміт 10 мг/кг (ppm) (г.з. цяпер дасягае ўзроўню, які перавышае 300 мг/кг (ppm)), нараджае рызыку сур’ёзнай прамысловай аварыі, як для НПЗ, так і для лягістычнай сыстэмы PERN», — гаворыцца ў звароце PERN S.A.

Польскі бок спадзяецца на прыняцьце мераў «дзеля хутчэйшага аднаўленьня».

Мазырскі НПЗ, архіўнае фота
Мазырскі НПЗ, архіўнае фота

Транзыт нафты на поўдзень працягваецца

Аднак транзыт расейскай нафты на поўдзень працягваецца, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім». Якая яе якасьць?

«Лябараторыя гомельскага прадпрыемства працуе ў кругласуткавым рэжыме. Правяраецца нафта з пэўнай пэрыядычнасьцю. Пакуль што зьменаў няма. Нафта не адпавядае стандарту. Перавышэньне ідзе ў некалькі дзясяткаў разоў».

Забруджаная нафта ўжо дайшла да Ўкраіны. Але Ўкраіна гэтую нафту не перапрацоўвае, яе канчатковыя спажыўцы — вугорскія, славацкія і чэскія заводы. Іх рэакцыя беларускаму боку пакуль невядомая.

«Некандыцыйная нафта паступіць на пункты здачы нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну праз 4–5 дзён», — паведамляе «Гомельтранснафта Дружба».

Які лёс перамоваў?

У Мінэнэрга Расеі Свабодзе паведамілі, што перамовы зь беларускім бокам пра сытуацыю з пастаўкамі няякаснай нафты працягваюцца.

«Мы ў сталым кантакце і чакаем больш хуткага вырашэньня праблемы. Большай апэратыўнасьці з боку „Транснафты“ найперш», — пацьвердзіла прадстаўніца канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка.

Якая шкода нанесеная беларускаму боку?

Вызначэньне шкоды, якую забруджаная расейская нафта нанесла беларускім НПЗ, — «гэта не такая хуткая справа».

«Калі, напрыклад, можна палічыць страты ад зьніжэньня выручкі з той прычыны, што зьнізіліся вытворчыя нагрузкі, зьнізіўся экспарт. То стан абсталяваньня, якое задзейнічана на Мазырскім НПЗ, можна канчаткова абсьледаваць толькі падчас капітальнага рамонту, які будзе бліжэй да жніўня. І тады можна будзе казаць пра поўныя сумы. Пакуль што толькі па красавіку мы кажам пра тое, што сума страт ад недаатрыманьня фінансавай выручкі перавысіць 100 мільёнаў даляраў».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG