Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому брытанскаму вайскоўцу вылучылі абвінавачваньні ў забойстве дэманстрантаў


Брытанскія вайскоўцы і пратэстовец падчас «Крывавай нядзелі»

Пракуратура Паўночнай Ірляндыі прад’явіла абвінавачваньні ў забойстве мірных дэманстрантаў у 1972 годзе былому салдату брытанскай арміі. Паводле сьледзтва, былы дэсантнік, імя якога не раскрываецца, адкрыў агонь па пратэстоўцах у ірляндзкім у горадзе Лёндандэры (Дэры), і забіў двух чалавек. Яго таксама абвінавачваюць у замаху на забойства яшчэ чатырох дэманстрантаў, паведамляе Бі-бі-сі. Цяпер абвінавачанаму як мінімум 60 гадоў.

30 студзеня 1972 году брытанскія дэсантнікі адкрылі агонь па ўдзельніках маршу ў Лёндандэры ў абарону грамадзянскіх свабод. Загінулі 13 бяззбройных дэманстрантаў, у тым ліку шасьцёра непаўналетніх і адзін каталіцкі сьвятар. Яшчэ 14 чалавек былі параненыя, адзін з іх пазьней памёр у бальніцы. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю Вялікабрытаніі і Ірляндыі як «Крывавая нядзеля» (Bloody Sunday).

Песьня ірляндскага гурту U2, прысьвечаная падзеям у Лёндандэры:

​Пасьля стральбы па дэманстрантах брытанскай уладзе прыйшлося ўвесьці ў Паўночнай Ірляндыі прамое кіраваньне. У 1972 годзе брытанскія ўлады заявілі, што салдаты адкрылі агонь для самаабароны. У 2010 годзе, пасьля новага 12-гадовага расьсьледаваньня, улады каралеўства прызналі сваю віну ў падзеях і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран прынёс прабачэньні сем’ям загінулых, зачытаўшы даклад пра падзеі ў Лёндандэры перад парлямэнтам.

Сваякі загінулых і ўдзельнікі дэманстрацыі патрабуюць пакараньня вінаватых. Сьледчыя вывучалі ролі яшчэ 16 салдат, якія бралі ўдзел у падзеях і двух членаў афіцыйнага крыла Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі. Аднак абвінавачваньні супраць іх ня будуць вылучаны, бо пракуратура палічыла, што справа супраць іх разваліцца ў судзе.

Крытыкі расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што адказнасьць за падзеі ў Лёндандэры павінны несьці не салдаты, якія адкрылі агонь, а іх кіраўніцтва. Паводле афіцыйных дадзеных брытанскай арміі, у «Крывавую нядзелю» агонь адкрылі 16 салдат, разам яны зрабілі 108 стрэлаў. Адзіны абвінавачаны па справе прызнаўся, што ён стрэліў 13 разоў. Ён заявіў, што страляў толькі па узброеных людзях, але гэтыя сьцьвярджэньні былі абвергнутыя яшчэ падчас расьсьледаваньня падзей у 2003 годзе.

Напярэдадні мінабароны Брытаніі заявіла вэтэранам, што акажа юрыдычную падтрымку ўсім, супраць каго праводзіць расьсьледаваньне пракуратура Паўночнай Ірляндыі. «Нашы служачыя і вэтэраны не павінны жыць у пастаянным страху крымінальнага перасьледу», — заявіў міністар абароны краіны Гэвін Уільямсан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG