Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы лек з Канады вяртае страчаную ў пажылым узросьце памяць


Дасьледчыкі з Таронта лічаць, што распрацаваны імі новы прэпарат можа змагацца са стратай памяці, а таксама пасьпяхова лячыць хваробу Альцгаймэра, дэпрэсію і шызафрэнію. Пра гэта піша брытанская газэта The Guardian.

Сэнсацыя з Таронта

Зьяўленьне канадзкага экспэрымэнтальнага прэпарату спарадзіла новыя надзеі на пасьпяховае лячэньне старэчай страты памяці, а таксама цяжкасьцяў з прыняцьцем рашэньняў і іншых псыхічных праблем, характэрных для старасьці.

Чакаецца, што выпрабаваньні новага леку пачнуцца на працягу наступных двух гадоў. Калі яны акажуцца пасьпяховымі, прэпарат, які распрацоўшчыкі лічаць абсалютна бясшкодным, можна будзе прымаць у выглядзе таблеткі кожны дзень пасьля 55 гадоў.

Аўтары спадзяюцца, што змогуць эфэктыўна змагацца з праваламі памяці ў пажылым узросьце. Супрацоўнік Цэнтру наркаманіі і псыхічнага здароўя ў Таронта Эцьен Сыбіл кажа, што новы лек таксама будзе карысны пры разумовых парушэньнях, якія ўзьнікаюць пры хваробе Альцгаймэра, дэпрэсіі і шызафрэніі.

Як дзейнічае новы лек

Дасьледаваньні паказваюць, што страта памяці ў значнай ступені зьвязана з ўзроўнем у мозгу нэйрамэдыятару, вядомага пад назвай GABA. Гэты гармон зьніжае ўзровень так званага электрычнага шуму ў галаўным мозгу праз сваю функцыю «гашэньня пажару» ў нэйронах. Пасьля зьніжэньня фонавага шуму сыгналы ў галаўным мозгу апрацоўваюцца больш хутка і дакладна.

Новы прэпарат зьяўляецца вытворным ад бэнзадыазэпінаў — сямейства лекавых сродкаў, у якое ўваходзяць заспакаяльныя прэпараты Valium і Xanax. Але ў той час, як два апошнія маюць шырокі спэктар дзеяньня ў мозгу, новы лек мэтанакіравана дзейнічае на GABA-рэцэптары нэйронаў у гіпакампе — менавіта гэтая частка мозгу адказная за пазнавальную функцыю.

Выпрабаваньні на мышах

Навукоўцы пратэставалі прэпарат на лябараторных жывёлах і выявілі, што праз паўгадзіны пасьля прыёму аднаразовай дозы старыя мышы пачыналі паводзіць сябе гэтак жа добра, як маладыя.

Прэпарат таксама аднавіў памяць маладых мышэй, якая была часова парушаная дзякуючы стрэсу.

Паводле дасьледчыкаў, старыя мышы падчас тэстаў дэманстравалі толькі 50-60% былой памяці. Аднак праз 30 хвілін пасьля ўвядзеньня новага леку іх прадукцыйнасьць у тэстах на памяць на 80-90 працэнтаў вярталася.

Было выяўлена, што старыя клеткі мозгу, якія пад узьдзеяньнем дэгенэратыўных працэсаў з узростам сьціскаюцца, вярнулі сабе былыя памер і аб’ём пасьля двух месяцаў прыёму новага прэпарату, разьведзенага ў пітной вадзе.

Фактычна, кажа Эцьен Сыбіл, мы можам адрошчваць клеткі мозгу назад, амаль да ўзроўню, які характэрны для маладых мышэй.

Пры гэтым новы лек не паказаў ніякіх вынікаў на здаровых маладых мышах, з чаго лекары зрабілі выснову, што ён ня зможа дзейнічаць, як узмацняльнік памяці і пазнавальнай функцыі. Іншымі словамі, студэнты ня змогуць прымаць такія таблеткі для павелічэньня памяці.

Пэрспэктывы

Першыя выпрабаваньні на працягу двух наступных гадоў, як чакаецца, будуць праведзеныя на людзях, якія хварэюць на дэпрэсію. Калі гэтая хвароба знаходзіцца ў стадыі рэмісіі, то тыя з хворых, хто мае дрэнную памяць і іншыя псыхічныя парушэньні, найбольш схільныя да вяртаньня дэпрэсіі.

«Калі б мы маглі неяк кампэнсаваць гэты дэфіцыт памяці, то змаглі б аказаць істотны ўплыў на ўвесь далейшы працяг хваробы такіх людзей», — сказаў Эцьен Сыбіл ў інтэрвію брытанскай газэце The Guardian.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG