Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сёньняшнім артыкуле — пра новую шматабяцальную дыету. Яна называецца MIND (РОЗУМ) і ставіць сваёй мэтай прадухіленьне хваробы Альцгаймэра пры дапамозе здаровай ежы.

Аўтары дыеты сьцьвярджаюць, што зь яе дапамогай можна зьнізіць рызыку разумовага заняпаду, нават калі не прытрымлівацца яе вельмі жорстка.

Дыета MIND — гібрыдная, яна, па сутнасьці, аб’ядноўвае дзьве дыеты — дыету DASH (распаўсюджаная у ЗША дыета для паніжэньня крывянога ціску) і міжземнаморскую. Адрозьненьне ў тым, што дыета MIND прапануе жорстка абмежаваць прадукты, пра якія вядома, што яны нэгатыўна ўплываюць на здароўе мозгу.

Акцэнт робіцца на рэгулярным ужываньні 10 груп прадуктаў харчаваньня, якія добра ўплываюць на функцыю мозгу:

1. Зялёная ліставая гародніна
2. Усе іншыя разнавіднасьці гародніны
3. Арэхі
4. Ягады
5. Бабы
6. Суцэльныя збожжа
7. Рыба
8. Птушка
9. Аліўкавы алей
10. Віно

У той жа час, рэкамэндуецца пазьбягаць прадуктаў зь пяці нездаровых груп: чырвонае мяса, сьметанковае масла і маргарын, сыры, кандытарскія вырабы і прысмакі, а таксама смажанае ў фрыцюрніцы.

Дыета MIND, можна сказаць, толькі-толькі зарадзілася. Яна была распрацаваная пару год таму камандай Клэр Морыс, харчовага эпідэміёляга ў Rush University Medical Center, пры падтрымцы Нацыянальнага інстытуту праблемаў старэньня. Каманда назірала за дыетай 923 жыхароў Чыкага сталага узросту. За чатыры з паловай гады назіраньняў 144 удзельнікам быў пастаўлены дыягназ хвароба Альцгаймэра. Навукоўцы заўважылі: чым даўжэй людзі прытрымліваліся мадэлі MIND, тым менш рызыкі захварэць на Альцгаймэра. Нават людзі, якія зрабілі «сьціплыя» зьмены ў сваім рацыёне, мелі меншую рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра.

дасьледаваньні ў ЗША выявілі значнае запаволеньне зьніжэньня кагнітыўных функцый у людзей, якія елі прынамсі дзьве порцыі гародніны ў дзень

Дасьледаваньне дэманструе, што MIND паніжае рызыку хваробы Альцгаймэра прыкладна на 35 адсоткаў у асоб, якія прытрымлівацца дыеты не занадта фанатычна, і да 53 адсоткаў у тых, хто прытрымліваецца яе досыць строга.

Два папярэднія вялікія дасьледаваньні ў ЗША выявілі значнае запаволеньне зьніжэньня кагнітыўных функцый у людзей, якія елі прынамсі дзьве порцыі гародніны ў дзень. Самы моцны станоўчы эфэкт, дарэчы, быў бачны пры ўмове спажываньня прынамсі шасьці штотыднёвых порцый зялёнай ліставой гародніны. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што ўжываньне ў ежу разнастайных ягад зьвязана з больш высокай прадукцыйнасьцю памяці. Да таго ж, папуляцыйныя дасьледаваньні дэманструюць, што спажываньне рыбы адзін раз на тыдзень альбо часьцей ёсьць прафіляктыкай хваробы Альцгаймэра.

Морыс падкрэсьлівае, што назіраньні над асобамі, якія прытрымліваюцца яе дыеты, доўжацца пакуль недастаткова доўга, каб рабіць канчатковыя высновы. Але на сёньняшні дзень вынікі вельмі пазытыўныя.

Як на практыцы харчавацца паводле MIND?

Кожны дзень вы ясьце прынамсі тры порцыі суцэльных круп, сьвежую салату і іншую гародніну (сырую ці прыгатаваную). Кожны дзень вы можаце выпіць адзін (калі вы жанчына) або два (калі вы мужчына) келіхі віна. Зь іншага боку, паколькі памркоўнае спажываньне алькаголю, здаецца, лепш для мозгу, чым поўная адмова, вы можаце прапусьціць віно, бо няма неабходнасьці прытрымлівацца інструкцыям на 100%. Навукоўцы ні ў якім разе ня раяць асобам, якія увогуле ня п’юць алькаголь, пачынаць яго піць «дзеля здароўя».

Ежце арэхі амаль кожны дзень, а кожны другі дзень ежце паўшклянкі фасолі. Два разы на тыдзень можна есьці птушку, прынамсі раз у тыдзень — рыбу. Ежце паўшклянкі ягад (лепш за усё чарніц) два разы на тыдзень ці часьцей. Ужывайце аліўкавы алей у якасьці асноўнага алею.

Навукоўцы ні ў якім разе ня раяць асобам, якія увогуле ня п’юць алькаголь, пачынаць яго піць «дзеля здароўя»

Надалей, важна абмежаваць шкодныя для здароўя прадукты: чырвонае мяса і мясныя вырабы, прысмакі або выпечку любога выгляду; абмежаваць спажываньне масла менш чым да адной сталовай лыжкі ў дзень і спажываньне сыра да адной порцыі на тыдзень, забыць пра фастфуд. Дзённага ліміту калёрый няма, але важна захоўваць здаровую вагу.

Дыета MIND добра насычае, дзякуючы вялікай колькасьці зялёнай ліставой гародніны і іншых прадуктаў, багатых на клятчатку https://www. svaboda. org/a/28126421.html . Так што асобы, якія прытрымліваюцца гэтай дыеты, ні ў якім разе не пакутуюць ад голаду.

Ці схуднееце вы, калі будзеце прытрымлівацца MIND? Гэта вельмі магчыма, бо вы ня будзеце ўжываць небясьпечныя калярыйныя прадукты — масла і іншыя тлустыя малочныя прадукты, кандытарскія вырабы, цукар, фастфуд. Усе гэтыя катэгорыі прадуктаў зьвязаныя з павелічэньнем вагі.

Маё прафэсійнае меркаваньне: дыета вельмі лягічная і адназначна мае патэнцыял. Як і ўсе здаровыя дыеты, яна спрацуе толькі, калі стане натуральнай часткай вашага жыцьця, а не часовым экспэрымэнтам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG