Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвіцьцё дэмэнцыі (старэчай прыдуркаватасьці) — дрэнная пэрспэктыва для многіх людзей. Самы вядомым сымптомам гэтай хваробы зьяўляецца пагаршэньне памяці. Але ёсьць і іншыя знакі таго, што здароўе вашага мозгу пад пагрозай. Пра іх на сайце sharecare. com піша Патрык Саліван.

Веданьне гэтых нечаканых прыкмет можа дапамагчы вам або вашым блізкім. Вось яны:

1. У вас узьніклі праблемы з жаваньнем цьвёрдай ежы

Вам цяжка надкусіць яблык? Паводле вынікаў швэдзкага дасьледаваньня 2012 году, вы можаце быць схільныя да разьвіцьця дэмэнцыі ў старасьці. Дасьледчыкі вывучылі 577 чалавек ва ўзросьце больш за 77 гадоў і знайшлі, што тыя, хто меў праблемы з жаваньнем цьвёрдай ежы, мелі большую рызыку кагнітыўных парушэньняў. Іншае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя ў 2017 годзе, зьвязала страту зубоў з наступным разьвіцьцём прыдуркаватасьці. Хоць гэта не даказана, але ёсьць некаторыя дасьледаваньні, якія паказваюць на магчымую сувязь паміж стратай зубоў і разьвіцьцём дэмэнцыі, сказаў нэўроляг, доктар Пітэр Глібус з Лурдзкага меэдычнага цэнтру ў штаце Нью-Джэрзі (ЗША). «Страта зубоў, кажа лекар, таксама можа быць прыкметай таго, наколькі добра вы клапоціцеся пра сябе (або наколькі добра вы ў стане клапаціцца пра сябе).

2. Вы пачынаеце па-іншаму хадзіць

Больш павольная хада можа быць раньнім ідыкатарам дэмэнцыі. «Гэта адна з прыкмет дэгенэрацыі мозгу», — кажа доктар Глібус. І гэта ня проста запавольваньне хады: зьмена даўжыні крокаў і іх малюнку можа таксама прагназаваць зьніжэньне кагнітыўных функцый. Бывае, што хада чалавека на раньніх ступенях хваробы Альцгеймэра выглядае цалкам нармальна, але калі падчас хадзьбы яму зададуць пытаньне або папросяць пачаць лічыць, і яго хада рэзка запаволіцца, гэта і ёсьць трывожны сыгнал.

3. Вы сьпіце больш (або менш)

На першы погляд можа падацца, што даўжэй спаць — гэта прыкмета здароўя нэрвовай сыстэмы. Але дасьледчыкі, вывучаючы шматгадовыя назіраньні, выявілі, што даўжэйшы сон зьвязаны з хваробай Альцгеймэра і іншымі відамі прыдуркаватасьці. Аказваецца той, хто раней спаў менш за 9 гадзін, а пасьля пачаў спаць больш за 9 гадзін — мае ў больш чым два разы большую рызыку разьвіцьця старэчай дэмэнцыі. «Цэнтры сну могуць быць закранутыя дэгенэрацыяй мозгу, — кажа доктар Глібус. — Гэта можа праяўляцца праз даўжэйшы сон, бяссоньне, фрагмэнтаваны сон або сон у працягу дня».

4. Вам цяжка падбіраць словы

Калі прыдуркаватасьць пачынае ўзьдзейнічаць на ўчасткі мозгу, якія кантралююць мову, камунікацыя можа стаць цяжкай. Гэта называецца афазія. Яна часта пачынаецца незаўважна, вы проста спатыкаецеся на словах то тут, то там. Але праблема можа прагрэсіраваць да мяжы, калі чалавек пачынае гаварыць амаль неразборліва. Людзі з афазіяй могуць выкарыстоўваць няправільныя словы, у іх узьнікаюць праблемы пры пошуку патрэбных слоў, яны могуць няправільна называць рэчы, казаць павольна ці запінаючыся, або апісваць прабмет або зьяву, напрыклад, так: замест слова «рэстаран» яны кажуць «тое месца, дзе вам прыносяць ежу». Важна ведаць, што некаторыя праблемы з пошукам слоў зьяўляюцца нармальнай часткай працэсу старэньня, але трэба быць напагатове.

5. У вас узьнікаюць праблемы з законам

Некаторыя формы дэмэнцыі ўплываюць на ўчасткі мозгу, якія кіруюць поглядамі і меркаваньнямі, самакантролем, гвалтам і сэксуальнымі паводзінамі. Злачынствы, напрыклад, крадзеж, часта робяцца людзьмі з дэмэнцыяй. Агрэсія і гвалт таксама зьяўляецца частым праявай прыдуркаватасьці. Адно доўгатэрміновае дасьледаваньне паказала, што да 96 адсоткаў людзей, якія пакутуюць ад дэмэнцыі, становяцца ў нейкі момант агрэсіўнымі.

6. Вы дэманструеце неадэкватныя сэксуальныя паводзіны

Каля трох працэнтаў людзей з дыягназам «дэмэнцыя» маюць няправільныя сэксуальныя паводзіныі. Доктар Глібус кажа, што у такіх выпадках у тых частках мозгу, якія адказваюць на самакантроль, пачынаюць назірацца прыкметы выраджэньня. «Няма стандартных зьменаў у паводзінах», — кажа Глібус. — Гэта залежыць ад канкрэтнага захворванбня і таго, якія часткі мозгу закранутыя". Неадпаведныя сэксуальныя паводзіны могуць праяўляцца ў вэрбальных дамаганьнях, у публічнай мастурбацыі, у недазволеных дотыках і іншых формах сэксуальнага гвалту і распусты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG