Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фізычныя практыкаваньні ратуюць мозг


Што трэба зрабіць, каб натуральным чынам палепшыць настрой, памяць і абараніць мозг ад кагнітыўнай дэградацыі заняпаду з прычыны ўзросту? Адказ просты — займацца спортам.

Гэта вынікае з артыкулу Эрына Бродвіна, які публікуе польская вэрсія сайту BusinessInsider.com

Шматлікія дасьледаваньні, у тым ліку два апублікаваныя гэтай вясной, сьведчаць, што любы тып практыкаваньняў (у тым ліку аэробіка), якія павялічваюць частату сардэчных скарачэньняў і выклікаюць потааддзяленьне, як правіла, аказваюць значнае станоўчае ўзьдзеяньне на мозг.

«Фізычныя практыкаваньні зьяўляецца ключом да здароўя галавы так сама, як і сэрца», — пішуць аўтары апошняга артыкулу, апублікаванага ў блогу «Розум і настрой» Гарвардзкай мэдычнай школы.

Хоць некаторыя з гэтых выгадаў — такія як паляпшэньне настрою — могуць зьявіцца на працягу некалькіх хвілін пасьля паездкі на ровары, іншыя, напрыклад, паляпшэньне памяці — могуць праяўляцца празь некалькі тыдняў. Гэта азначае, што найлепшым відам спорту, які ўплывае на разумовую працаздольнасьць і актыўнасьць, зьяўляецца рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, якімі вы займаецеся прынамсі 45 хвілін.

У залежнасьці ад таго, які эфэкт вы хочаце атрымаць, трэба знайсьці ў сваім паўсядзённым жыцьці час для хуткай хады або бегу трушком. Дасьледаваньні, праведзеныя сярод тых, хто хварэе на цяжкую дэпрэсію, паказалі, што ўсяго 30 хвілін хады па бегавой дарожцы ў працягу 10 дзён прывялі да значнага прагрэсу ў лячэньні хваробы і паляпшэньня настрою. Паводле іншых дасьледаваньняў, фізычныя практыкаваньні здольныя таксама зьніжаць узровень стрэсу праз зьніжэньне ўзроўняў картызолу і адрэналіну.

Тым, каму споўнілася 50 гадоў, брытанскія навукоўцы раяць камбінаваць лёгкія фізычныя практыкаваньні з сілавымі, якія яшчэ называюцца практыкаваньнямі з абцяжарваньнем. Напрыклад, сэанс ёгі і заняткі з гантэлямі.

Яшчэ адно дасьледаваньне, апублікаванае ў траўні 2017 году, паказала, што сярод людзей ва ўзросьце 60-88 гадоў, якія чатыры разы на тыдзень хадзілі пешкі каля 30 хвілін на працягу 12 тыдняў, значна ўзмацніліся сувязі ў тым аддзеле мозгу, які зьвязаны са стратай памяці.

Навукоўцы да гэтага часу не ведаюць, чаму гэты тып практыкаваньняў стымулюе мозг, але дасьледаваньні паказваюць, што гэта зьвязана з павелічэньнем прытоку крыві, якая пастаўляе энэргію і кісларод.

Нядаўняе дасьледаваньне на пажылых жанчынах, у якіх праявіліся патэнцыйныя сымптомы дэмэнцыі, паказала, што лёгкія фізычныя практыкаваньні ўплываюць на павелічэньне памеру гіпакампа — аддзелу мозгу, адказнага за навучаньне і памяць.

Джо Норзі, навуковец з Унівэрсытэту Канбэры, кажа, што паводле вынікаў ягонага дасьледаваньне, кожны, каму ва ўзросьце 50 гадоў дазваляе здароўе, павінен займацца фізычнымі практыкаваньнямі на працягу 45 хвілін «столькі дзён у тыдзень, колькі гэта магчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG