Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэючы мозг і харчаваньне


У мінулым артыкуле мы абмеркавалі, як чалавек старэе на ўзроўні малекул. Сёньня гаворка пойдзе пра тое, як старэньне адбываецца на клетачным узроўні.

Вывучаючы старэньне на ўзроўні клеткі, спэцыялісты ў галіне геранталёгіі найбольш актыўна зьвяртаюцца да мітахондрый. Мітахондрыя — гэта адна з састаўных частак клеткі (арганоід клеткі), якая выпрацоўвае энэргію для яе нармальнай жыцьцядзейнасьці.

Дык вось з павелічэньнем узросту мітахондрыі пачынаюць разбурацца, прычым гэтыя працэсы найбольш актыўна працякаюць у галаўным мозгу, што клінічна праяўляецца ў выглядзе зьніжэньня памяці наўпрост да хваробы Альцгаймэра, хваробы Паркінсана і іншых нэрвовадэгенэратыўных захворваньняў.

На сёньняшні дзень вядомы некалькі шляхоў, як супрацьстаяць гэтаму працэсу разбурэньня мітахондрый — а менавіта абараняць ад шкодных уплываў і падтрымліваць фэрмэнты мітахондрыі, павялічыць узровень яе абароны ад свабодных радыкалаў, зьнізіць прадукцыю свабодных радыкалаў і нейкім чынам садзейнічаць аднаўленьню парушаных мітахондрый.

Дык вось высьветлена, што тры рэчывы з прадуктаў харчаваньня могуць мець станоўчы ўплыў на адзін ці некалькі шляхоў абароны мітахондрый, у тым ліку галаўнога мозгу. Гэта L-карнітын, ліпоевая кіслата і каэнзім Q.

L-карнітын патрэбен для пераносу тлустых кіслот унутр мітахондрый, сутачная запатрабаванасьць у ім дарослага чалавека складае каля 300 мг. Найбольшая колькасьць L-карнітыну знаходзіцца ў такіх прадуктах харчаваньня (на 100 грам) як сьвініна любога прыгатаваньня — прыкладна 20-25 мг, ялавічына — 120-125 мг, бараніна — 150 −160 мг, малако — каля 4 мг, казіны сыр — 12 −13 мг.

Ліпоевая кіслата паляпшае агульную дзейнасьць мітахондрый і зьяўляецца мітахандрыяльным антыаксыдантам, яе шырока выкарыстоўваюць у мэдыцыне, напрыклад, для лячэньня дыябэтычнай нэйрапатыі. У суткі ліпоевую кіслату трэба ўжываць у памеры каля 10-50 мг, найбольшая яе колькасьць знаходзіцца ў пячонцы (на 100 грам) — каля 80 мкг, кукурузе — 21 мкг, яйках курыных — каля 20 мкг, аўсянай кашы — 20 мкг.

Каэнзім Q (убіхінон) — вельмі важная для мітахондрыі рэч, паколькі прымае ўдзел у пераносе электронаў як галоўных крыніц энэргіі гэтай «электрастанцыі» клеткі. Каэнзім Q, як паказана ў экспэрымэнце, павялічвае супраціўляльнасьць да стрэсу міякарда састарэлых жывёл (пацукоў), абараняе галаўны мозг, агулам павялічвае стрэсаўстойлівасьць. У суткі да чалавека трапляе калі 5 мг каэнзіму Q, яго шмат у субпрадуктах (ялавічнае сэрца) — у 100 граммах 99 мг, у сёмзе і стронзе — каля 12 мг, гароху — 2,7 мг.

Такім чынам, уключэньне ў рацыён харчаваньня ў сталым узросьце камбінацыі вышэйназваных прадуктаў патэнцыйна дазволіць падтрымаць актыўнасьць старэючага мозгу шляхам абароны мітахондрый ад разбурэньня і зьвязаных зьб ім іншых нэгатыўных працэсаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG