Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь цягам часу клеткі галаўнога мозгу, якія адказныя за памяць і хуткасьць рэакцый, зазнаюць шмат шкодных уплываў ад спэцыяльных рэчываў, якія завуцца свабоднымі радыкаламі.

Справа ў тым, што клеткі нашага арганізму, у тым ліку галаўнога мозгу, для сваёй штодзённай дзейнасьці патрабуюць энэргію, якая выпрацоўваецца спэцыяльнай структурай клеткі — мітахондрыяй. Мітахондрыя па сваёй сутнасьці зьяўляецца электрастанцыяй клеткі. Дык вось па меры старэньня, у кожнага па-рознаму, але агулам пасьля 50 гадоў, дзейнасьць мітахондрыі павольна пачынае мяняцца такім чынам, што зь яе як бы адбываецца уцечка энэргіі, якая мае адмоўнае дзеяньне на клеткі.

Адмоўнае дзеяньне ўвасабляецца ў свабодныя радыкалы, якія ў невялікай колькасьці патрэбныя для таго, каб выдаляць шкодныя прадукты жыцьцядзейнасьці клеткі, а ў вялікай колькасьці яны пачынаюць перапрацоўваць і шкодныя, і здаровыя часткі клетак. У выніку патрэбныя для арганізму клеткі прыходзяць у заняпад, што прыводзіць да зьяўленьня шматлікіх узроставых хвароб. Дарэчы, гэтак званая свабоднарадыкальная тэорыя на сёньняшні дзень зьяўляецца адной з асноўных тэорый старэньня.

Канешне, узьнікае пытаньне — як жа абараніць арганізм цалкам і галаўны мозг у прыватнасьці ад дрэннага ўплыву гэтых падступных свабодных радыкалаў? Аказваецца, што адным зь дзейсных мэтадаў зьяўляецца правільнае харчаваньне, а дакладней ужываньне прадуктаў, якія ў сваім складзе маюць рэчывы, што завуцца фляваноідамі.

Фляваноіды — гэта спэцыяльныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад расьлін і забясьпечваюць у іх рознакаляровую афарбоўку. Шмат фляваноідаў у рознакаляровай садавіне і гародніне, зялёнай гарбаце, ягадах, какосе, цыбулі. Вялікая колькасьць фляваноідаў знойдзена ў чорным шакалядзе, дзе адсоткавая колькасьць какавы перавышае лічбу 70. Станоўчы ўплыў расьлінных фляваноідаў на мозг і захаваньне памяці навукоўцы зьвязваюць з тым, што яны зьніжаюць колькасьць свабодных радыкалаў, маюць здольнасьць пашыраць судзіны галаўнога мозгу, абараняюць ад шкоднага дзеяньня свабодных радыкалаў нэйроны — клеткі галаўнога мозгу, якія адказваюць за памяць.

З усяго вышэйсказанага выцякае практычная парада: каб захаваць памяць, трэба прытрымлівацца нормаў правільнага харчаваньня. А для гэтага трэба ўжываць рознакаляровыя прадукты з садавіны і гародніны ў колькасьці ня менш чым 400 грамаў штодзённа.

XS
SM
MD
LG