Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#Берасьце супраць сьвінцу. Напярэдадні акцыі затрымалі аднаго з арганізатараў пратэсту


Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Адзін з арганізатараў пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці блогер Сяргей Пятрухін 26 кастрычніка пайшоў у Ленінскі РАУС Берасьця па позьве. Аднак ня выйшаў адтуль і праз тры гадзіны — гэта значыць, што яго затрымалі.

Як кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, верагодна, Пятрухін правядзе выходныя да суду ў ізалятары. За што — пакуль невядома. Вялічкін мяркуе, што такім чынам міліцыя вырашыла ня даць Пятрухіну паўдзельнічаць у акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў нядзелю.

Атрымалі позвы, аднак не пайшлі ў міліцыю блогер зь Бярозы Аляксандар Кабанаў (сказаў, што захварэў) і праваабаронца Раман Кісьляк (тэлефон не дасяжны).

У той жа дзень Ленінскі суд Берасьця аштрафаваў на 245 рублёў (10 базавых велічыняў) аднаго зь лідэраў пратэсту супраць заводу АКБ Дзям’яна Лепясевіча. Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прызнаў Лепясевіча вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах за акцыю, якая прайшла 14 кастрычніка.

Тая акцыя была адной з найбольш гучных за апошнія часы ў Берасьці. Агулам было затрымана каля 15 чалавек, у іх ліку і палітык Мікола Статкевіч.

Перад наступнай акцыяй 21 кастрычніка затрымалі некаторых актывістаў і блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Ужо некалькі месяцаў штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на галоўную плошчу Берасьця, выказваючы маўклівы пратэст супраць будаўніцтва заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Блогеры пратэсту

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў сталі вядомыя відэаролікамі пра карупцыю, выбары, праблемы людзей у рэгіёнах. Калі пачаліся пратэсты супраць акумулятарнага заводу, блогеры актыўна падтрымалі іх у сваіх траньсляцыях. Пасьля гэтага іх ня раз арыштоўвалі і штрафавалі. Берасьцейскія актывісты зьбіралі блогерам грошы на штрафы, а калі ў іх канфіскавалі аргтэхніку — набывалі ім новую.

Супраць Сяргея Пятрухіна завялі крымінальную справу за абразу міліцыянта ў адной з жывых трансьляцый. 30 жніўня супрацоўнікі АМАП выбілі дзьверы ў ягоную кватэру, каб правесьці ператрус па гэтай справе.

10 кастрычніка пракуратура папярэдзіла блогераў і яшчэ некалькіх актывістаў аб недапушчальнасьці заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Аднак праз два дні тыя запісалі відэазварот з заклікам выйсьці на плошчу 14 кастрычніка.

На гэтай акцыі блогеры ня проста рабілі свае стрымы, але і выступілі з прамовамі, заявіўшы, што «лепей сядзець за акцыю, чым ні за што». Пасьля акцыі іх затрымалі і асудзілі на 5 сутак арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG