Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч прыехаў у Берасьце на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яго і некалькіх пратэстоўцаў затрымалі


Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў трымаюць расьцяжку

14 кастрычніка на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Да іх далучыўся адзін з апазыцыйных лідэраў Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч у Берасьці
Мікола Статкевіч у Берасьці

На пачатку акцыі стала вядома пра аднаго затрыманага актывіста — Дзьмітрыя Бекалюка.

Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісьляка, на плошчу ў Берасьці выйшла болей як 120 чалавек.

Акцыя завершылася нестандартна. Каля 13-й гадзіны людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся ў амапаўцаў, ці будуць тыя забіраць блогераў Пятрухіна і Кабанава.

Адразу ж да аўтазака падбегла каля двух дзясяткаў амапаўцаў. Яны схапілі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама Міколу Статкевіча.

Аўтазак зьехаў у Ленінскае РАУС. Людзі, якія засталіся, вырашылі ісьці пастарунка, каб падтрымаць затрыманых. Але праз 100 мэтраў два міліцэйскія УАЗы забралі яшчэ двух пратэстоўцаў — Віталя Казака і Ўладзімера Мароза.

Затрымалі таксама Рыгора Пагарцава з «Народнай грамады» і яшчэ дваіх чалавек, імёны якіх пакуль не вядомыя.

А 15-й гадзіне з пастарунка адпусьцілі Дзьмітрыя Бекалюка, затрыманага да пачатку акцыі. Некалькі гадзін ён быў у міліцыі разам са сваім малым сынам.

Сходы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці некалькі месяцаў штонядзелі.

Звычайна яны абыходзіліся без затрыманьняў. Людзі зьбіраліся на плошчы «каб пакарміць галубоў» і не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў.

Затрымліваць удзельнікаў пачалі цягам апошніх двух тыдняў. Некалькіх пратэстоўцаў аштрафавалі.

10 кастрычніка 7 актывістаў атрымалі папярэджаньні пракуратуры аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. У іх ліку і блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Пасьля гэтага яны выклалі на сваім канале заклік выйсьці на плошчу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
  • Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​Берасьцейскія ўлады ўжо ня раз забаранялі мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, а берасьцейскіх блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG