Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскіх пратэстоўцаў асудзілі за масавую акцыю


У Ленінскім судзе Берасьця адбыліся працэсы над пратэстоўцамі супраць акумулятарнага зводу. Юлію Зубік судзілі за ўдзел у акцыі 7 кастрычніка, Канстанціна Астапука — за непадпарадкаваньне міліцыянтам 30 верасьня.

Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук пакараў штрафам на 5 базавых велічыняў (122,5 рубля) Юлію Зубік, затрыманую 7 кастрычніка за тое, што ў яе на вопратцы была налепка супраць акумулятарнага заводу. Яна кажа, што ўпершыню ў жыцьці асуджаная за ўдзел у масавай акцыі.

«Гэта, зразумела, стрэс, вопыт вельмі цяжкі. Я не чакала, што можа быць так — затрымалі, завезьлі ў міліцыю. Ніякіх тлумачэньняў гэтаму няма. Няўжо нельга было цывілізавана выклікаць позвай? Нас з Тацянай Фесікавай хаця б адпусьцілі ў дзень затрыманьня, а мужчын яшчэ на ноч у ізалятары пакінулі да суду. Я ня думаю, што яны запалохаюць такімі мерамі. Тое, што людзі не выпускалі міліцэйскую машыну з затрыманымі, паказвае, што страху ўжо няма», — кажа Юлія Зубік.

Судзьдзя таго ж суду Дзьмітры Шурын аштрафаваў на 73,5 рубля Канстанціна Астапука. На яго быў складзены пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні пасьля акцыі 30 верасьня. За ўдзел у той акцыі ў майцы з надпісам супраць акумулятарнага заводу Астапук быў пакараны раней штрафам у 343 рублі.

Сёньняшнія суды былі перанесеныя з 8 кастрычніка, тады адбываліся працэсы яшчэ над дваімі ўдзельнікамі акцыі. Тацяна Фесікава і Андрэй Астапчук атрымалі па 245 рублёў штрафу за выхад на плошчу 7 кастрычніка.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG