Берасьцейца замест суду даставілі з ізалятару ў лякарню

Архіўнае фота. Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» — супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»
Архіўнае фота. Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» — супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр»

Удзельніка пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці Канстанціна Астапука даставілі ў чыгуначны шпіталь Берасьця.

Ад пятніцы Канстанцін Астапук знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, пасьля таго як быў затрыманы за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

8 кастрычніка яго меліся судзіць, аднак замест суду завезьлі ў лякарню.

«Кладуць мяне ў лякарню, бо пасьля ізалятару баліць жывот. Два дні ў ізалятар да мяне прыяжджала „хуткая“, бо было дрэнна. Мусілі везьці ў суд, але перадумалі, суд будзе пасьлязаўтра. Вінавацяць мяне і ў тым, што выступіў па ўсіх каналах супраць намесьніка начальніка Ленінскага РАУС Мікалая Самасюка. Думаю, будуць помсьціць, што я расказаў пра гутарку зь ім», — кажа Канстанцін Астапук.

Пра «прафіляктычную гутарку» зь Мікалаем Самасюком Канстанцін Астапук расказваў прэсе 1 кастрычніка, пасьля таго, як быў перанесены першы суд над ім і блогерам Сяргеем Пятрухіным за выхад на плошчу 30 верасьня. Астапук кажа, што міліцэйскі начальнік яму пагражаў турмой.

Суд над Канстанцінам Астапуком за непадпарадкаваньне міліцыі падчас затрыманьня на акцыі 30 верасьня прызначаны на 10 кастрычніка а 9:30.

Сёньня чакаюцца яшчэ суды над трыма пратэстоўцамі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці.

​
XS
SM
MD
LG