Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці затрымалі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу Канстанціна Астапука


Мітынг у Берасьці 29 красавіка супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Мітынг у Берасьці 29 красавіка супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

У Берасьці сёньня днём быў затрыманы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу Канстанцін Астапук, якога зь Ленінскага РАУС забрала ў бальніцу хуткая дапамога.

Як паведаміў агунцтву БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Астапука прыкладна а 13.00 на скрыжаваньні вуліц Гогаля і Леніна, калі той ішоў з плошчы Леніна, дзе сёньня сабралася каля 90 праціўнікаў будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага заводу.

«Падчас затрыманьня Астапуку стала дрэнна. Відавочцы выклікалі хуткую дапамогу. Да яе прыезду супрацоўнікі міліцыі пасадзілі актывіста ў аўтамабіль і даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця. Людзі, якія сабраліся каля РАУС, запатрабавалі, каб міліцыя выклікала хуткую дапамогу Астапуку. Каля 14:50 Астапука пад канвоем павезьлі ў Брэсцкую абласную бальніцу», — расказаў Раман Кісьляк.

Праваабаронца нагадаў, што ў гэты ж дзень у 13.10 на вуліцы Энгельса, таксама недалёка ад плошчы Леніна, супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна. Ён ужо пакінуў плошчу і накіроўваўся дадому. Пятрухіна таксама даставілі ў Ленінскі РАУС.

«Паводле наяўных у мяне зьвестак, Пятрухіна да суду зьмясьцілі ў Іалятар часовага ўтрыманьня, меркавана на яго склалі пратакол па арт 23,34 КаАП», — сказаў Раман Кісьляк.

Раней мясцовых блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія ў сваім праекце «Народны рэпарцёр» на Youtub асьвятляюць сытуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем, ужо неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку па арт. 23.34 КаАП.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва заводу было перададзена ў Адміністрацыю прэзыдэнта ў лютым сёлета.

Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтву заводу. 17 траўня на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў аблвыканкаму, гарвыканкаму і райвыканкаму ў сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакумэнтам падпісаліся 3226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» на ўскраіне гораду, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзьвюх тысяч чалавек.

Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна ў Берасьці кожную нядзелю з 25 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG