Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах усталявалі фундамэнт пад мэмарыяльны знак. ФОТА


Да 15 лістапада павінны завяршыцца працы па добраўпарадкаваньні Курапатаў, дзе ўсталююць мэмарыяльны знак, замоўлены Фэдэрацыяй прафсаюзаў беларускай. Пра гэта Свабодзе паведаміў майстар будаўнікоў Канстанцін Н.

Дарожку зь пяску і каменьня да ўзвышша, празванага «Галгофай», ужо ўтрамбавалі, абапал яе прыбралі сьмецьце і насыпалі зямлю. Але яна яшчэ адчувальна няроўная, дзе-нідзе вытыркаюцца калкі і цьвікі, за якія можна зачапіцца.

Майстар будаўнікоў кажа, што працы яшчэ не завершаныя. Між тым, ужо ў гэтую нядзелю тут пройдзе масавае шэсьце на Дзяды.

На «Галгофе» сабралі фундамэнт для афіцыйнага мэмарыяльнага знаку, цяпер ён закрыты плёнкай.

Для інвэнтарызацыі Курапатаў патрэбна яшчэ каля 10 тысяч эўра

Юры Меляшкевіч зь Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вядзе грамадзкі кантроль у Курапатах.

Ён расказаў, што ў Міністэрстве культуры адмовіліся асобна рэгістраваць курапацкія крыжы, бо «яны ўжо ўсталяваныя задняй датай».

«Затое нам прапанавалі зрабіць дадатак у пашпарт Курапатаў як гісторыка-культурнай каштоўнасьці, і гэтыя працы мы ўжо пачалі», — кажа Юры Меляшкевіч.

Падрыхтоўка адпаведных дакумэнтаў у праектнай арганізацыі каштуе больш як 6 тысяч рублёў, і актывісты ўжо шукаюць на гэта грошы.

«Частку грошай дасьць дырэкцыя народнага мэмарыялу Курапатаў з тых ахвяраваньняў, што назьбіралі на брукаванку», — сказаў Юры Меляшкевіч.

Далей для інвэнтарызацыі Курапатаў актывістам трэба тахеомэтар — геадэзічны інструмэнт для вымярэння адлегласьцяў, гарызантальных і вэртыкальных вуглоў.

«Курапаты — гэта ж 28 гектараў лесу, тут толькі за гэты год зьявілася больш за сто новых крыжоў, і людзі будуць усталёўваць новыя крыжы, якія таксама давядзецца ўносіць у пашпарт аб’екта», — тлумачыць Юры Меляшкевіч.

Грошы на набыцьцё тахеомэтра — а гэта каля 8 тысяч эўра, — будуць зьбіраць у інтэрнэце, а таксама мяркуюць наўпрост зьвяртацца да неабыякавых бізнэсоўцаў.

«Могуць лёгка нагу пераехаць»

Адначасова на ўскраіне Курапатаў працягваецца пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим».

Актывістка Ніна Багінская сёньня прыйшла з плякатам «Гець рэстаран КДБ». Яна расказала, што 30 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе будзе абскарджваць адзін з ранейшых штрафаў за пікетаваньне рэстарацыі.

«У мяне гэтых штрафаў ужо на 40 тысяч рублёў, стамілася лічыць. Спрабую іх абскарджваць, але пакуль марна», — кажа Ніна Багінская.

Актывістка Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая патлумачыла, у якім фармаце цяпер ідзе пікетаваньне рэстарацыі.

«Перад машынамі не стаім, але просім спыніцца і тлумачым, куды яны едуць, што гэта мэмарыял памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ тлумачым, чаму вядзем фотафіксацыю. Некаторыя ставяцца нармальна, некаторыя націскаюць на газ. З такімі трэба быць асьцярожнымі, бо могуць лёгка і нагу пераехаць. Але міліцыю не выклікаем — ДАІ адназначна на іх баку, на баку рэстарацыі», — кажа Алена Талстая.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG