Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не капітальны абʼект». Свабода даведалася падрабязнасьці будоўлі ў Курапатах. ФОТА


Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам чацьвёрты дзень працягваюцца будаўнічыя працы па падрыхтоўцы да ўсталяваньня мэмарыяльнага знаку, які выйграў конкурс, абвешчаны Міністэрствам культуры.

Таксама вядзецца добраўпарадкаваньне пешаходнай дарогі ад падземнага пераходу з боку Зялёнага Лугу да «Галгофы», дзе выкопваюць катлаван пад фундамэнт мэмарыяльнага знаку.

Гэты знак замовіла праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). З прадстаўніком заказчыка, дырэктарам Дома культуры прафсаюзаў Леанардам Багушэвічам пра дэталі праекту карэспандэнт Свабоды пагутарыў на самім аб’екце — у Курапатах, куды прафсаюзны дзяяч прыйшоў для інспэкцыі будоўлі.

Ліхтароў ня будзе

«А навошта тут асьвятленьне?» — адказаў Леанард Багушэвіч на пытаньне, ці будзе асьвятляцца дарога да мэмарыялу ў Курапатах і сам помнік.

Спадар Багушэвіч дадаў:

«Сьвятло тут не заплянавана. Гэта што тычыцца нашага праекту — самога знаку, бо за дарогу мы не адказваем, мы яе не замаўлялі. Яе замовіў Бараўлянскі спэцлясгас. Але калі ў нас ліхтароў не прадугледжана, то і на дарозе таксама. Бо тады трэба закладаць кабэль ці праводзіць сьвятло паветраным шляхам, а гэта ахоўная зона, свае патрабаваньні. Магчыма, у будучыні гэта зробяць, але не цяпер», — сказаў Леанард Багушэвіч.

Катлаван пад знак гатовы

Разам зь ім падыходзім да катлавану пад мэмарыяльны знак. Яміна тры на тры мэтры і глыбінёй больш за паўтара мэтра. Адзін бок яміны ўзмоцнены дошкамі.

«Гэта каб не было абвалу, як учора», — тлумачыць спадар Багушэвіч.

Ён дае добрую адзнаку таму, як тут вядуцца працы. Паводле прадстаўніка заказчыка, хутка яміну канчаткова падрыхтуюць да ўсталяваньня фундамэнтных блёкаў, на якія паставяць мэмарыяльны знак.

«Блёкі вырабяць асобна, сюды іх прывязуць ужо гатовымі. Умацуюць, злучаць як трэба паводле тэхналёгіі — гэта ўжо справа інжынэраў і будаўнікоў. Тады ўсталююць знак. Вакол зробяць добраўпарадкаваньне — будзе пляцоўка з дошак, брукаваная дарожка», — сказаў Леанард Багушэвіч.

Пры гэтым час, калі заплянавана скончыць працы, прафсаюзны чыноўнік не назваў.

«Як атрымаецца. Мы ж у Беларусі жывем, трэба ўлічваць надвор’е і тое, што хутка зіма».

Паводле Леанарда Багушэвіча, калі мэмарыяльны знак усталююць, адразу пачнуць рабіць такую ж дарожку з «Галгофы» ў паўночны бок.

«Раней нельга, каб цяжкая тэхніка не разбурыла тое, што ўжо пабудавалі».

Прадстаўнік ФПБ Леанард Багушэвіч не назваў дакладнага кошту ўсяго помніка разам з будаўнічымі працамі:

«Скажу толькі, што гэта не астранамічная лічба».

Якой будзе брукаванка да «Галгофы»?

Пра асаблівасьці будоўлі брукаванай дарожкі, якая прывядзе наведнікаў ад паўднёвага ўваходу ў Курапаты да «Галгофы», удалося распытаць майстра будаўнікоў Канстанціна Н.

Працы вядзе арганізацыя Гараўтадар, якая падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму. У Гараўтадар уваходзіць «Управа „Цэнтар“», якая сёньня і забясьпечыла будоўлю рабочымі.

«Мы звычайныя прыбіральшчыкі, прыбіраем на праспэкце Незалежнасьці ці куды пашлюць, а сёньня нас сюды кінулі, каб гэтую дарожку расчышчаць», — кажуць пра сябе працаўнікі ў памаранчавых строях, узброеныя рыдлёўкамі.

Пытаюся ў майстра, чаму будоўля ніяк не пазначана: ня вывешаны пашпарт аб’екта са зьвесткамі, хто будуе, хто заказчык, якія тэрміны будоўлі. Канстанцін тлумачыць, што «гэта не будаўнічы аб’ект, а ўсяго толькі добраўпарадкаваньне, таму вывешваньне пашпарту непатрэбнае».

А вось як майстар апісаў тэхналёгію будаўніцтва дарожкі:

«Бульдозэрам згарнулі з палатна дарожкі зямлю, прычым зямлю нікуды не вывозім, а пакідаем тут жа, каля бардзюраў, толькі разроўніваем. На яе месца падсыпаем пясок, уежджваем і высыпаем наверх вялікі жвір. Замест бардзюраў выкарыстоўваем дошкі, пакрытыя адмысловай прамочкай. Чаму не каменныя бардзюры? Таму якраз, што гэта не капітальны будаўнічы аб’ект, а часовы. І прычына тут тая, што якраз пад дарожкай праходзіць газаправод. Каб у выпадку аварыі рамонтнікі хутка да яго дабраліся».

Паводле майстра, тратуарная плітка для курапацкай дарожкі не прадугледжаная.

«Зьверху на пясок засыпаецца каменьне, якое прывозяць з кар’еру. Потым уежджваецца катком. Ад дажджоў і выкарыстаньня дарожкі пясок і дробны жвір прасыпаюцца на дол, зьверху застаюцца большыя камяні. Атрымліваецца гэтакая звычайная брукаванка, як у старыя часы. Добра, зручна і прыгожа».

Што да тэрмінаў заканчэньня будоўлі, дык майстар сказаў, што за два тыдні яны дабяруцца да ўзвышша, а далейшае прасоўваньне будзе залежаць ад таго, калі ўсталююць помнік.

«Шмат фактараў, якія могуць паўплываць на канчатковы тэрмін. Ці будзе рэгулярным падвоз каменьня, бо возяць з кар’еру, у іх свае патрабаваньні. Яшчэ шмат што залежыць ад згоды паміж заказчыкамі. Тут два заказчыкі, ёсьць праблемы, шмат што трэба ўзгадняць».

«Праект добраўпарадкаваньня невядомы нават аўтарам мэмарыяльнага знаку»

Юры Меляшкевіч, актывіст Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які апякуецца інвэнтарызацыяй і захаваньнем аб’ектаў, ужо ўсталяваных у Курапатах, мае пытаньні да цяперашніх працаў на месцы сталінскіх расстрэлаў.

«Па будаўнічых працах пад сам мэмарыяльны знак заўваг няма, а вось што да брукаванай дарожкі праз Курапаты, ёсьць пытаньні. Самае галоўнае, што мы ня бачылі праекту добраўпарадкаваньня, паводле якога вядуцца працы на гэтай дарожцы. Пра існаваньне гэтага праекту стала вядома толькі ў канцы мінулага тыдня, але хто яго бачыў? Ведаю, што зь ім не знаёмыя і аўтары праекту мэмарыяльнага знаку. Добра, што заплянаваны дрэнаж каля кальцавой аўтадарогі, што гэтак ад пешаходнай дарожкі адвядуць ваду. Збольшага прымальна і тое, што матэрыялам дарожкі абраны звычайны камень, брукаванка, а не тратуарная плітка. Але ці захаваюцца крыжы ўздоўж дарожкі, ці не заплянаваны знос крыжоў у іншых месцах? Як абыдуцца зь іншымі аб’ектамі, з той жа „лавай Клінтана“? На жаль, праект нам невядомы, адсюль і столькі пытаньняў».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG