Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч: Калі дзяржава ставіць памятны знак — гэта не блюзьнерства


«​Безумоўна, найлепшая дапамога ад нашай дзяржавы — гэта ня соваць сьвінячы лыч, не перашкаджаць добрай справе. Ня лезьлі чыноўнікі — і дзясяткі тысяч годна адсьвяткавалі БНР-100. Але нам трэба добра падумаць над тым, на колькі гэта сапраўды слушна, па зьмесьце пратэставаць супраць дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах»​, —​ піша Зьміцер Дашкевіч.

Не перашкаджала дзяржава — і Глеб Лабадзенка з народнай падтрымкай паставіў першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку. Не ўстаўляюць ідэолягі саўка палкі ў колы — і Андрэй Кім запаланіў кінатэатры беларускай мовай. З другога боку, сунула дзяржава свой лыч — і няма шыльды БНР. Зноў уціснула парсючыны пятак — разбурыла дзень вышыванкі. Завішчалі сьвіньні у пагонах — і няма заўзятараў на спартовых трыбунах.

І вось цяпер мы назіраем, як падыходзіць да рэалізацыі ўстаноўка дзяржавай памятнага знаку ў Курапатах. Форма, у якой нашая дзяржавушка часта робіць тыя ці іншыя дзеяньні, — ні з кім ня раючыся, нахрапам, — абгрунтавана выклікае адмоўную рэакцыю арганізму. Але, апроч формы, ёсьць зьмест — і нам трэба добра падумаць над тым, наколькі гэта сапраўды слушна, па зьмесьце пратэставаць супраць дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах.

Дазволю сабе выказаць меркаваньне. Асабіста я ня бачу ніякіх лягічных і маральных аргумэнтаў, якія дазволілі б нам супрацьстаяць устаноўцы памятнага знаку ад дзяржавы.

Па-першае, сам памятны знак ня самы горшы, які мог бы быць. Ну не ў РПЦэшную ж цыбуліну зьбіраюцца апрануць «Галгофу», але паставіць даволі сьціплы звон. Што дрэннага ў ім ці такога ўжо непрыгожага?

Па-другое, мы так доўга абвінавачвалі пракамуністычную дзяржаву (і рабілі гэта слушна), што яна не ўшаноўвае Курапаты і памяць нявінна забітых камуністамі. Ну вось цяпер прыйшла ўшанаваць. Што зрабіць, калі дзяржавушка нашая гэта робіць нязграбна? Іншага чакаць і не выпадала. Але ўсё ж пагодзімся, устаноўка памятнага знака — гэта не блюзьнерства, як пабудаваны побач бульбашжор «Поедем поедим», але ўшанаваньне Курапатаў.

Па-трэцяе, хіба дзяржава нешта бурыць з народнага мэмарыялу? (А я лічу, гэта магла быць адзіная сапраўдная падстава, якая дазволіла б ня толькі выходзіць на пратэст, але і заклікаць да пратэсту грамадзтва.) Не, ня бурыць — пакуль у дзяржавы хапае розуму нічога не кранаць. І адказныя за работы людзі публічна абяцаюць, што нічога кранута ня будзе.

Магчыма, нехта лічыць сябе правым казаць: тут не рабіце, а рабіце тут; вы не ўшаноўвайце, а вы шануйце. Ну, хто лічыць правым, няхай робіць. Але я мяркую, гэта і ня вельмі слушна, і ня вельмі лягічна. Вядома, нам бы хацелася ўсё і адразу: і каб архівы адкрылі, і каб ідалаў савецкіх скінулі, і каб злачынцы былі названыя злачынцамі, і каб тое, што робіцца ў Курапатах, рабілася шчыра і без каньюнктуры.

І ці не ў падобнай сытуацыі быў апостал Павал, які дзьве тысячы гадоў таму пісаў, што некаторыя зь любові прапаведуюць Ісуса Хрыста, а некаторыя праз зайздрасьць, каб павялічыць цяжар Паўлавых путаў. І кажа: «І што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, але Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца» (Піліпцам, 1). Дык паслухайце, сябры, мы не круцейшыя за чалавека, тэкстамі якога напоўнена ледзь не палова Новага Запавету.

Некаторыя зь любові змагаюцца за Курапаты, а іншыя з зайздрасьці, а іншыя, каб павялічыць цяжар нашых путаў. І што з гэтага? Я мяркую, нічога. Бо ўсякім чынам: ці дзеля віду, ці праўдзіва, але праўда пра Курапаты прапаведуецца. Гэтаму давайце радавацца.

#Курапаты2018 #Ночпаэтаў2018

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG