Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 пунктаў на мапе Беларусі. Адрасы сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР


Юбілейную дату з розным размахам плянуюць адзначаць у двух дзясятках гарадоў краіны. Дзесьці будуць вялікія канцэрты, а недзе абмяжуюцца бібліятэчнай экспазыцыяй. Свабода сабрала адрасы сьвяточных падзей.

Бабруйск

24 сакавіка, напярэдадні юбілею аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, у крэатыўнай прасторы «13:87» (вуліца Чангарская, 54) заплянаваны шэраг урачыстасьцяў. Ад 16-й пачнецца сьвяточны кірмаш, дзе можна будзе купіць вырабы з нацыянальнай сымболікай, паслухаць лекцыю пра Беларускую Народную Рэспубліку мастака і экскурсавода Яна Мяльніцкага, а таксама паўдзельнічаць у каманднай віктарыне на тэму «БНР-100».

Каб узяць удзел у віктарыне, трэба сабраць ад 4 да 6 аднадумцаў і зарэгістравацца па спасылцы.

Калі каманды няма, ахвотных прадэманстраваць сваю эрудыцыю скіруюць да тых, хто таксама шукае кампанію.

Баранавічы

Дзьве імпрэзы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР заплянаваныя ў Баранавічах: сьвяточны канцэрт у Маладым парку ў цэнтры гораду (з 12-й да 16-й гадзіны) і вечарына ў дзіцячай музычнай школе. Арганізатары сабралі неабходныя сродкі на аплату працы міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў.

Раней правядзеньне акцыі было пад пытаньнем, аднак дзякуючы ахвяраваньням людзей грошы сабраныя. З гістарычным выступам пра ўтварэньне БНР выступіць гісторык Ігар Мельнікаў. Будзе канцэрт выканаўцаў, галоўная зорка — бард Зьміцер Бартосік. Плянуецца гістарычная віктарына з сувэнірамі, кірмаш рамесьнікаў, танцавальная пляцоўка. З 15-й да 18-й адбудзецца «Сьвята незалежнасьці» ў музычнай школе на вуліцы Горкага, 20. Арганізатарам імпрэзы выступіла гарадзкая філія ТБМ.

Берасьце

Берасьцейскі гарвыканкам ухваліў заяўку на правядзеньне сьвяточнага фэсту 25 сакавіка. Імпрэза пачнецца а 13-й гадзіне на плошчы Свабоды. Напачатку адбудзецца мітынг, на якім выступяць палітычныя і грамадзкія актывісты, прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў. Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» прыносіць на Дзень Волі дазволілі разам зь іншай сымболікай, «тэматычна зьвязанай з падзеяй». Музычную частку складуць духавы аркестар Берасьця, гурты :B:N:, Re1ikt, Zolki Band.

Будуць працаваць сувэнірны кірмаш, фатазоны, дзіцячыя пляцоўкі, майстар-клясы рамесьнікаў, рэканструктарскія клюбы адновяць эпоху Беларускай Народнай Рэспублікі. На фэсьце можна будзе запісацца валянтэрам у дабрачынныя арганізацыі.

Віцебск

Віцебскія ўлады дазволілі мітынг з нагоды #БНР100, але арганізатары ад яго адмовіліся. Прычына — значная сума, якую запатрабавала міліцыя за паслугі аховы правапарадку, амаль 600 рублёў. Цяпер актывісты разважаюць, у якім яшчэ фармаце можна адзначыць гістарычную дату.

Сябры Беларускага нацыянальнага кангрэсу таксама зьвярталіся па дазвол на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну адмовіла на той падставе, што да заяўкі не былі далучаныя неабходныя дамовы.

Гомель

​У абласным цэнтры нарэшце вызначыліся з пляцоўкай для сьвяточнага канцэрту 25 сакавіка да 100-годзьдзя БНР. Выступы музыкаў пройдуць у арт-прасторы «Каўчэг» (праспэкт Перамогі, 2а). Пачатак а 18-й гадзіне. Запрошаныя гурт N.R.M. зь Менску і гомельская бард-сьпявачка Вальжына Цярэшчанка.

Ад пачатку гарадзкія ўлады не пайшлі на супрацу з арганізатарамі і адмовілі ў дазволе на імпрэзу ў Гарадзкім цэнтры культуры. На 25 сакавіка там быў анансаваны спэктакль «Бабы Шанэль», прычым афіша зьявілася ўжо пасьля падачы заяўкі на імпрэзу «Сьвята незалежнасьці». Таксама ўдзень 25 сакавіка заплянаваная экскурсія па гістарычным цэнтры гораду на тэму «Гомель на ростанях: 1917–1924».

Горадня

Гарадзенскія ўлады дазволілі сьвяточныя імпрэзы да 100-годзьдзя БНР. Заключаныя ўсе неабходныя дамовы: зь міліцыяй, «хуткай дапамогай», службай прыбіраньня тэрыторыі. Вырашаныя пытаньні з падключэньнем электраэнэргіі, апаратурай і сцэнай. Будзе выязны гандаль фастфудам і гарачымі напоямі.

Аднак застаецца пытаньне з грашыма — пакуль не ўдалося сабраць плянаваныя 8700 рублёў на аплату арэнды апаратуры і сцэны, кампэнсацыю выканаўцам, аздабленьне пляцоўкі, аплату камунальных паслуг, выраб сымболікі і прома-прадукцыі. Тым ня менш арганізатары спадзяюцца сумеснымі намаганьнямі «закрыць пытаньне».

Кобрынь

Пікет, прысьвечаны 100-годзьдзю БНР, пройдзе 25 сакавіка ў цэнтры Кобрыні. Яго санкцыянавалі мясцовыя ўлады. Пікет заплянаваны на адкрытай пляцоўцы перад галоўным уваходам у Палац культуры на вуліцы Леніна, 4. Час правядзеньня — ад 11-й да 15-й.

Гэта першы дазвол на пікет, які атрымалі актывісты за шмат гадоў. Напрыклад, заяўка ў падтрымку прафсаюзу РЭП на 15 сакавіка не была задаволеная. Таму да ўхваленьня акцыі 25 сакавіка актывісты ставяцца як да супольнага жаданьня жыць у сапраўды незалежнай краіне.

Ліда

Улады Ліды і грамадзкія актывісты разам распрацавалі культурную праграму на 25 сакавіка. На 16-ю гадзіну ў вялікай залі гісторыка-мастацкага музэю заплянаваны канцэрт. За першую частку канцэрту адказваюць гарадзкія ўлады, другую правядуць незалежныя актывісты — зьбіраюцца запрасіць сяброў літаратурнай суполкі «Суквецьце» і музыкаў.

Паводле папярэдняй дамоўленасьці, на імпрэзе будзе толькі сымболіка сьвяткаваньня, арганізатары з боку грамадзкасьці ўжо замовілі вялікі банэр зь лягатыпам сьвята. Перад гэтым заплянаванае наведваньне магілаў генэрала БНР Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве і Алаізы Пашкевіч у Новым Двары Шчучынскага раёну.

Магілёў

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці ў Дзень Волі інфармацыйны пікет у цэнтры гораду перад кінатэатрам «Радзіма». Фармальная прычына — пляцоўкі няма сярод вызначаных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Але прапанавалі стадыён на вуліцы Чалюскінцаў. Арганізатараў такі варыянт не задаволіў — туды папросту не даходзяць людзі.

З усіх імпрэзаў чыноўнікі выказалі гатоўнасьць спрыяць правядзеньню круглага стала пра гісторыю БНР у адной зь мясцовых ВНУ. На прапанову працоўнай групы зладзіць супольна сьвяточны канцэрт улады не адрэагавалі. Канцэрт адбудзецца ў грамадзкім цэнтры «Кола», на іншыя пляцоўкі няма рэсурсаў. Апроч таго, увечары 25 сакавіка ў клюбе CUBA пройдзе вялікі сольны канцэрт гурту AKUTE з прэм’ерай новага сінглу.

Маладэчна

24 сакавіка ў маладэчанскай арт-прасторы «Наталь» (вуліца Касманаўтаў, 8а) адбудзецца сьвяточная вечарына, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як паведамляюць арганізатары, у праграме заплянаваны даклад дасьледчыка міжваеннай Беларусі Ігара Мельнікава, а таксама канцэрт бард-сьпявачкі Тацяны Грыневіч. Імпрэза адбудзецца пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!», пачатак а 17-й гадзіне.

Менск

Арганізатары распаўсюдзілі праграму «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка. Збор каля Опэрнага тэатру а 13-й гадзіне пад песьні гуртоў Amaroka і «Мутнаевока». Адкрыцьцё а 14-й гадзіне, вядоўцамі ўрачыстай часткі будуць Зінаіда Бандарэнка і Ўсевалад Сьцебурака. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі 35 тысяч рублёў.

Вялікі канцэрт пачнецца а 15-й. Выступяць Akute, РСП, Dzieciuki, Юры Стыльскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пётра Клюеў, Адэля Вольская, Павал Аракелян. Лявон Вольскі павіншуе гледачоў відэазваротам — анансаванага тэлемосту з канцэрту ў Беластоку ня будзе праз тэхнічныя складанасьці. Разам са «Сьпеўным сходам» Сержука Доўгушава ўдзельнікі прасьпяваюць беларускія гімны і песьні пачатку ХХ стагодзьдзя.

На дзень раней, 24 сакавіка, ад 12-й да 16-й у сталічным Кіеўскім сквэры адбудуцца мітынг і канцэрт, арганізаваныя Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ.

Усе пададзеныя заяўкі на масавыя шэсьці Менгарвыканкам не задаволіў, ініцыятары акцый затрыманыя.

Наваградак

У Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музэі 25 сакавіка сумесна зь мясцовай суполкай Таварыства беларускай мовы зьбіраюцца зладзіць літаратурную вечарыну, прысьвечаную 100-годзьдзю БНР. Супрацоўнікі ўстановы пацьвердзілі, што, акрамя гістарычнай лекцыі, у гэты дзень прагучаць вершы, прысьвечаныя БНР, а таксама песьні патрыятычнага зьместу.

Раней стала вядома, што галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Горадзенскага аблвыканкаму разаслала лісты ва ўсе раённыя краязнаўчыя музэі з рэкамэндацыяй правесьці 25 сакавіка творчыя і культурныя мерапрыемствы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Полацак

Сьвяточныя імпрэзы ўжо прайшлі 20 сакавіка. У рамках адзначэньня адбыліся агульнанацыянальная дыктоўка да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, сустрэча з гісторыкам і публіцыстам Анатолем Сідарэвічам, а таксама жывы канцэрт мясцовых выканаўцаў.

Арганізатарам прынагодных мерапрыемстваў выступіў Інфармацыйна-культурны цэнтар «ІніцыАрт» пры падтрымцы Полацкай гарадзкой арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны.

Пружаны

Пружанская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны запрашае на ўхвалены ўладамі сьвяточны канцэрт, прысьвечаны 100-годзьдзю з дня ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

У праграме — віншаваньні, сьпевы, выступы мясцовых і замежных артыстаў. У афішы значацца калектывы «Амафор», «Сьцяг», Сьвятлана Машкала, паэт Мікола Антаноўскі, Марлон Вэнэгаз (Эквадор), гурт RYBYPROJECT (Менск) ды іншыя. Месца правядзеньня канцэрту — малая заля гарадзкога Палаца культуры, пачатак а 15-й.

Салігорск

Мясцовы райвыканкам даў дазвол на правядзеньне сьвяточнага мітынгу з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Мітынг плянуюць правесьці на салігорскім стадыёне «Будаўнік» ад 14-й да 16-й гадзіны. Праўда, пры гэтым не дазволілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і мэгафоны.

Заяўнікамі мерапрыемства выступілі актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу, якія заключылі дамовы на аказаньне паслуг з МУС, МНС, мэдработнікамі і кіраўніцтвам гарадзкога стадыёну. 22 сакавіка копіі дамоваў перададзены кіраўніцтву гораду.

Слуцак

Канцэрт, прысьвечаны 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці БНР, пройдзе ў слуцкім гарадзкім Доме культуры 25 сакавіка ад 12:30. У ім возьмуць удзел сьпявак Алесь Дзянісаў з гурту Dzieciuki, бард Зьміцер Бартосік, вядуцца перамовы зь іншымі выканаўцамі.

Паводле арганізатараў, заля ДК зьмяшчае паўтысячы чалавек, выканкам і адміністрацыя ўстановы зрабілі добрыя ўмовы, у тым ліку нізкія цэны на арэнду памяшканьня. Цяпер ідзе збор сродкаў на арганізацыйныя выдаткі і транспарт, патрэбна 1500 рублёў. Калі застануцца «лішнія» грошы ад краўдфандынгу, іх накіруюць на стварэньне сайту пра Слуцкі збройны чын.

Адмысловыя экспазыцыі, прысьвечаныя сотым угодкам абвяшчэньня незалежнасьці БНР, будуць працаваць у краязнаўчых музэях і грамадзкіх бібліятэках Ашмянаў, Ваўкавыску, Карэлічаў. А ў Нясьвіжы мясцовыя актывісты зьбяруцца ў кавярні за сьвяточным кубкам кавы.

Мапа #БНР100: што дзе будзе ў Беларусі і сьвеце:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG