Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады рэкамэндуюць музэям Горадзеншчыны ўшанаваць 100-годзьдзе БНР


Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Горадзенскага аблвыканкаму разаслала лісты ва ўсе раённыя музэі з рэкамэндацыяй правесьці творчыя мерапрыемствы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка.

Тое, што такія лісты з ідэалягічнага аддзелу атрыманыя, Свабодзе пацьвердзілі адразу ў некалькіх музэях. Дырэктарка Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музэя Ала Суята сказала, што яны ня могуць зрабіць канкрэтную экспазыцыю к 25 сакавіка, паколькі ня маюць для гэтага адпаведных экспанатаў.

«Але лекцыю пра гісторыю БНР з мультымэдыйнымі матэрыяламі 25 сакавіка мы зьбіраемся правесьці», — запэўніла дырэктарка музэю.

У Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музэі 25 сакавіка сумесна зь мясцовай суполкай ТБМ зьбіраюцца зладзіць літаратурную вечарыну, прысьвечаную 100-годзьдзю БНР.

«Плянуем, што, акрамя гістарычнай лекцыі, у нас будуць гучаць вершы, прысьвечаныя БНР, а таксама песьні», — сказала Свабодзе старшая навуковая супрацоўніца музэю Галіна Кавальчук.

У Ашмянскім музэі дырэктарка Настасься Навіцкая патлумачыла, што ліст з аблвыканкаму наконт сьвяткаваньня 25 сакавіка яны атрымалі, але ў межах гадавога пляну раённая бібліятэка ўжо падрыхтавала выставу кніг: «Беларуская Народная Рэспубліка ў кантэксьце гісторыі беларускай дзяржаўнасьці».

У Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі імпрэзы да 25 сакавіка ладзяць сумесна з сябрамі ТБМ. Станіслаў Суднік, сябра Таварыства беларускай мовы, сказаў Свабодзе, што першапачаткова грамадзкія актывісты плянавалі адзначыць у Лідзе 100-годзьдзе БНР 22 сакавіка, каб 25-га наведаць сьвята ў Менску.

«Калі я пайшоў да мясцовых уладаў з просьбай даць для гэтага памяшканьне, то мне адказалі, што 100-годзьдзе БНР у Лідзе будзе адзначацца 25 сакавіка і праводзяць яго мясцовыя органы ўлады. Я, зразумела, быў прыемна зьдзіўлены, бо сказалі, што нават і сымболіка БНР будзе прысутнічаць», — распавядае Суднік.

Сьвяточныя падзеі да 100-годзьдзя БНР рыхтуюцца і ў Горадні. Ініцыятарамі выступілі прадстаўнікі апазыцыйных партый, улады абяцалі ім спрыяць падрыхтоўцы ўрачыстых імпрэзаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG