Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч падзяліў аргкамітэт #БНР100 на дзьве часткі


Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР падзяліўся на дзьве працоўныя групы, якія будуць паасобку займацца арганізацыяй канцэрту і правядзеньнем шэсьця. За такое рашэньне прагаласавалі ўдзельнікі сходу каля ўправы Партыі БНФ, які правёў Мікалай Статкевіч.

Статкевіч разам зь іншымі прыхільнікамі шэсьця 25 Сакавіка прыйшлі пад дзьверы ўправы Партыі БНФ, нягледзячы на перанос сустрэчы аргкамітэту #БНР100 «у сувязі з рознагалосьсямі». Палітык патлумачыў адсутнасьць на сходзе арганізатараў канцэрту 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру немагчымасьцю для іх супрацоўнічаць з арганізатарамі шэсьця. Каб разьвязаць рознагалосьсі, Статкевіч прапанаваў падзяліць аргкамітэт на дзьве працоўныя групы: арганізацыі канцэрту і шэсьця. Другая працоўная група будзе падаваць у Менгарвыканкам яшчэ адну заяўку на правядзеньне шэсьця.​ Першую заяўку на правядзеньне мітынгу і шэсьця ўлады адхілілі.

«У нас утварылася такая сытуацыя, што група партыяў узяла на сябе пэўныя абавязаньні перад уладай. Я не хацеў бы, каб яны гэтыя абавязаньні ўжо парушалі і далі магчымасьць уладзе адмовіцца ад дазволу на Опэрны. Яны ня могуць падтрымоўваць гэтую заяўку (на правядзеньне шэсьця. — РС)», — сказаў Статкевіч.

Кіраўніком працоўнай групы арганізацыі канцэрту з ініцыятывы Статкевіча сход абраў дырэктара крамы symbal.by Паўла Белавуса. Сам Белавус на сходзе не прысутнічаў, але сказаў Радыё Свабода, што сачыў за яго трансьляцыяй і ўдзячны Статкевічу за новую пасаду.

«Мяне прасілі прысутнічаць на сходзе, але цяпер ідзе шмат працы для падрыхтоўкі канцэрту, таму я ня змог там быць. Прыемна, што тыя канфлікты, якія ўзьніклі ў часе мінулага аргкамітэту, дзякуючы аўтарытэту спадара Міколы атрымалася разруліць. Вельмі прыемна, што яны падтрымалі нас, маладых і зялёных, у тым, што даверылі праводзіць мерапрыемства. Чым, у прынцыпе, мы ўжо актыўна займаемся. Таму дзякуй спадару Міколу. Ад сваіх словаў мы не адмаўляемся і будзем усё рабіць, каб яму таксама ўсё спадабалася».

Павал Белавус
Павал Белавус

Белавус кажа, што на першых паседжаньнях аргкамітэту ўжо быў прызначаны адказным за арганізацыю канцэртнай часткі сьвята 25 Сакавіка.

«Я наагул не прыхільнік розных пасадаў. Мая галоўная просьба да ўсіх палітыкаў, каб нас ня выкарысталі для правакацыяў і зрыву акцыі. Каб не аказалася так, што ў адным месцы слухаюць Лявона Вольскага, а за пару кілямэтраў адгэтуль б’юць людзей дубінкамі. І наша задача ў размове з горадам і зь дзяржавай, каб усё прайшло без правакацыяў», — сказаў Белавус.

Дазвол канцэрту бяз шэсьця выклікаў рознагалосьсі сярод апазыцыі

2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка.

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе незалежнасьці БНР з канцэртам, але бяз шэсьця, выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка — за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG