Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам забараніў шэсьце і мітынг 25 сакавіка. Падалі новую заяўку на мітынг і канцэрт


Абноўлена: У Менгарвыканкам падалі новую заяўку на мітынг і канцэрт 25 сакавіка

Заяўнікі шэсьця і мітынгу 25 сакавіка, прысьвечаных 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымалі 28 лютага адказ зь Менгарвыканкаму.

Улады не дазволілі шэсьце з плошчы Якуба Коласа па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці і мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.

Менгарвыканкам сьцьвярджае, што заяўка аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў не адпавядала патрабаваньням закону аб масавых мерапрыемствах і рашэньню Менгарвыканкаму аб вызначэньні месцаў для правядзеньня масавых акцый.

У адказе гаворыцца, што сустаршыня БХД Вольга Кавалькова ня можа быць арганізатаркай масавага мерапрыемства, бо цягам мінулага году «прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства».

Яшчэ адну падставу для адмовы ўлады знайшлі ў тым, што тэматычныя паведамленьні, інтэрвію, заклікі да ўдзелу ў сьвяткаваньні разьмяшчаліся на інтэрнэт-сайтах да атрыманьня дазволу.

Таксама, паводле ўладаў, выбраныя заяўнікамі месцы збору і правядзеньня акцый не адпавядаюць закону і рашэньню Менгарвыканкаму аб вызначэньні месцаў для правядзеньня масавых акцый.

Ліст з просьбай аб сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам, які падпісалі 13 прадстаўнікоў аргкамітэту (сярод якіх прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый), быў пададзены ў Менгарвыканкам яшчэ 25 студзеня. У ім прасілі дазволіць на 25 сакавіка ня толькі традыцыйнае шэсьце і мітынг (якія дазваляюць не заўсёды, нярэдка брутальна разганяюць), але і канцэрт у цэнтры гораду.

Атрымалі адмову і падалі новую заяўку — на мітынг і канцэрт. Бяз шэсьця

Сёньня ж, 28 лютага, пяць арганізацый — БНФ «Адраджэньне», рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова Amaroka — падалі ў Менгарвыканкам новую заяўку на правядзеньне ў Дзень Волі мітынгу і канцэрту, прысьвечаных 100-годзьдзю БНР.

Заяўнікі просяць дазволіць збор удзельнікаў каля Вялікага тэатру Беларусі ў Менску 25 сакавіка з 13 да 14 гадзіны, а таксама правядзеньне мітынгу і канцэрту з 14 да 19 гадзіны.

Улады паабяцалі даць адказ на пачатку наступнага тыдня.

Частка аргкамітэту — за шэсьце, частка — за канцэрт

26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР зьмяніць яго фармат, адклікаць ранейшую заяўку і замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опэрнага тэатру.

Прапанова выклікала хвалю дыскусій і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР увечары 27 лютага. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

Янукевіч: «Мы хочам сьвята, а ня бойкі на Дзень Волі». Статкевіч: «Гэта праца на раскол»

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG