Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень няВолі ў Менску: АМАП са зброяй і вадамётамі, сотні затрыманых


Ад 14 да 16 гадзіны 25 сакавіка ў Менску трывала несанкцыянаваная акцыя ў гонар 99-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На заяўку на шэсьце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы гарадзкія ўлады не далі адказу ў вызначаны законам час, за дзень да акцыі адказалі адмовай і прапанавалі мітынг на плошчы Бангалор. За час акцыі затрыманыя сотні чалавек, дзясяткі журналістаў.

Акцыі таксама прайшлі ў іншых гарадах Беларусі: дазволеныя ў Горадні і Берасьці, несанкцыянаваныя — у Віцебску і Гомлі. У Гомлі проста ў час акцыі гарадзкія ўлады вызначылі месца, дзе дазволілі правесьці мітынг. Затрыманьні пратэстоўцаў і журналістаў у абласных цэнтрах былі адзінкавыя.

Дзень Волі ў Віцебску
Дзень Волі ў Віцебску

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, які выступаў з заклікамі выходзіць на шэсьце ў Менску і ісьці па праспэкце ў бок плошчы Незалежнасьці, на акцыі не зьявіўся. Дзе ён, невядома. Раніцай жонка палітыка Марына Адамовіч казала Свабодзе, што ня ведае, дзе яе муж, але што ад удзелу ў акцыі ён не адмаўляўся. Саму Марыну Адамовіч затрымалі па дарозе да Акадэміі Навук і пратрымалі ў пастарунку да вечара. Яна дагэтуль нічога ня ведае пра месцазнаходжаньня мужа і мае намер падаць заяву пра яго зьнікненьне.

Затрыманьні і суды над «недармаедамі» ў Беларусі ішлі ад пачатку сакавіка, не спыніліся і ўначы і зранку 25 сакавіка. У тым ліку па дарозе на акцыю былі затрыманыя лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду» Дзяніс Садоўскі і Юрась Меляшкевіч. Перад акцыяй за кратамі апынуліся ня менш як 150 чалавек.

Яшчэ ў 13.00 у офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна» ўварваўся АМАП, затрымалі каля 60 праваабаронцаў, журналістаў і назіральнікаў. Частку зь іх празь дзьве гадзіны адпусьцілі.

Некалькі соцень чалавек спрабавалі прайсьці да Акадэміі навук у 13.40–14.00, але пляцоўку перад прэзыдыюмам Акадэміі перакрыла міліцыя — прапусьцілі некалькі дзясяткаў, і тых па адным затрымлівалі. Таксама затрыманьні ішлі ў іншых раёнах гораду. У тым ліку быў затрыманы па дарозе ў цэнтар гораду прадстаўнік БХД у аргкамітэце сьвяткаваньня Дня Волі Дзяніс Садоўскі.

Каля 14.15 калёна зь некалькіх соцень чалавек рушыла з раёну Акадэміі навук у бок цэнтру гораду. У 14.20 АМАП перакрыў калёне дарогу па ходніку. Калёна перабегла на іншы бок вуліцы, а АМАП тады перакрыў увесь праспэкт. Байцы былі ўзброеныя ня толькі дубінкамі і шчытамі, але і стрэльбамі. Каля 14.30 выставілі два кардоны — перад ЦУМам і каля вуліцы Дарашэвіча. Пайшлі масавыя затрыманьні, пачала перарывацца сувязь, пад’ехалі вадамёты.

Прыблізна ў 14.50 тыя, каго не затрымалі, сабраліся ў калёну і рушылі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Каля 15.10 АМАП перакрыў дарогу каля плошчы Перамогі. Затрыманьні працягнуліся, некаторыя праходзілі даволі жорстка. Дэманстрантаў засталося 100–200 чалавек.

Акцыя фактычна завяршылася ў 15.30, але затрыманьні працягваліся. Каля 15.40 спыніліся перабоі з сувязьзю ў цэнтры гораду. Прыблізна да 16.00 людзей з плошчы Перамогі не пускалі ў бок Кастрычніцкай.

Прэс-сакратар менскай міліцыі ня змог назваць Свабодзе поўную колькасьць затрыманых. Паводле праваабаронцаў, у Менску было затрымана больш як 300 чалавек, аднак большую частку пазьней адпусьцілі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, адных толькі карэспандэнтаў было затрымана каля 20. Паводле БАЖ, па стане на 20:30 былі вызваленыя ўсе журналісты, акрамя двух у Менску, аднаго ў Віцебску і адной карэспандэнткі ў Гомлі.

Дзень Волі 2017. ОНЛАЙН зь Менску, Берасьця, Горадні і Гомля

Дзень Волі ў Берасьці
Дзень Волі ў Берасьці

Дзень Волі ў Горадні
Дзень Волі ў Горадні

Дзень Волі ў Гомелі
Дзень Волі ў Гомелі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG