Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасяджэньне аргкамітэту сьвяткаваньня юбілею БНР, якое Свабода трансьлявала ў прамым эфіры, рабіла надзвычай моцнае ўражаньне. Як казаў Чэрчыль, ня варта глядзець на дзьве рэчы — як гатуюць ежу і як робяць палітыку. Ну вось у пэўнай ступені атрымалася яскравая ілюстрацыя гэтага выслоўя.

Але пры тым практыкаваньне карыснае. Няма ў краіне парлямэнту, ну дык хоць так, хоць у такім фармаце на некалькі гадзінаў у краіне зьявілася публічная палітыка. І нават часткова яе кухня.

Многія, паглядзеўшы і паслухаўшы, сталі ўдзельнікаў нарады бэсьціць, маўляў, няздольныя паразумецца нават у такім, з аднаго боку нязначным, фактычна працэдурным, пытаньні, а з другога боку, у пытаньні, зьвязаным з сакральнымі рэчамі — 100 гадоў незалежнасьці не штогод бывае. Ну і фон, кантэкст — старыя звады, рахункі, абвінавачваньні, перацягваньне коўдры на сябе.

Але ў доўгай спрэчцы можна было, акрамя ўсяго гэтага, ўбачыць і сутыкненьне дзьвюх усё ж прынцыповых, канцэптуальных пазыцыяў, палітычных філязофіяў, калі заўгодна. У практычным пляне сутыкнуліся два падыходы: прыняць прапанову Менгарвыканкаму, правесьці легальны мітынг з канцэртам, адмовіўшыся ад шэсьця, ці дамагчыся абавязкова традыцыйнага шэсьця, настаяць на гэтым пункце заяўкі на сьвяткаваньне.

Супрацьстаялі адна адной на пасяджэньні менавіта гэтыя дзьве пазыцыі. Прыхільнікі другой даводзілі, што яны — і за адно, і за другое, і за шэсьце і за канцэрт. Але насамрэч за сталом сядзелі палітыкі, якія ўсё ж суадносяць сродкі і мэты. Таму ўсе разумелі, што рэальна, практычна, за менш чым месяц, які застаўся да 25 сакавіка, можна дамагчыся нечага аднаго. Не, патрабаваць можна чаго заўгодна, можна было, напрыклад, запатрабаваць (каб два разы не ўставаць, як той казаў), скажам, адстаўкі Лукашэнкі. А чаму не?

Думаю, што не патрабавалі, бо разумелі ступень рэалістычнасьці такога пажаданьня. Ну дык рэалістычнасьць пажаданьня «і канцэрт, і шэсьце» таксама ўсе разумелі. Паказальна, што ўсе практычныя арганізатары канцэрту аказаліся «згоднікамі», усе выступалі за тое, каб пайсьці на кампраміс. Яны даводзілі апанэнтам, што без дазволу паўнацэннага канцэрту арганізаваць не атрымаецца проста тэхнічна. Цікава, што іх апанэнты ў адказ не сказалі — тады арганізацыю канцэрту мы бярэм на сябе.

І зразумела чаму. Таму што рэальная пазыцыя — так, хай сабе канцэрту і не атрымаецца, шэсьце — прыярытэт.

Спрэчка насамрэч пра тое, ці павінны быць сёлетні Дзень Волі сьвятам ці чарговым раўндам барацьбы з рэжымам.

Напэўна, для чалавека далёкага ад кантэксту, ад разуменьня ўмоўнасьцяў беларускай палітычнай сцэны, гэтая спрэчка ўяўляецца даволі дзіўнай. Але спрэчка насамрэч пра тое, ці павінны быць сёлетні Дзень Волі сьвятам ці чарговым раўндам барацьбы з рэжымам. Ці, дакладней, чаго ў ім павінна быць больш.

Відавочна, што фраза Статкевіча «для мяне гэта не сьвята», за якую некаторыя ўхапіліся, была сказаная ў адчаі. Але ў ёй — менавіта расстаноўка прыярытэтаў. Найперш барацьба, змаганьне, гадавіна па вялікім рахунку — нагода, мэханізм, які прыцягне да чарговага выкліку рэжыму больш людзей. Калі барацьба, наступ адбудзецца пад сьпевы і музыку — ну дык добра. Але калі гэтага не атрымаецца, значыць, застанецца толькі барацьба, у чым для прыхільнікаў гэтага падыходу сэнс усей акцыі. Яна не прывядзе да перамогі? А хто абяцаў, што яна будзе? Як патлумачыў Статкевіч у інтэрвію Свабодзе, рэвалюцыя прыйдзе, калі прыйдзе яе час. Але штодзённая вулічная барацьба, па-першае, гэты час набліжае, а па-другое, загартоўвае барацьбітоў, гадуе лідэраў, тых, хто ў «гадзіну Ч» устане на чале рэвалюцыйнага народу. І з гэтага пункту гледжаньня любы выклік — гэта посьпех з гледзішча будучыні, параза — гэта толькі саступкі і кампрамісы.

Ну а ў другога боку іншая менавіта палітычная філязофія. І ня толькі справа ў тым, што для яго сёлетні Дзень Волі — найперш сьвята. І палітыка таксама, толькі іншая. Паводле гэтага другога падыходу на легальнае сьвяткаваньне з канцэртам прыйдзе значна больш людзей, прыйдзе ня толькі апазыцыйны актыў, але і звычайныя людзі. Яны заангажуюцца ў супольнае дзеяньне з арганізатарамі, прасякнуцца іх каштоўнасьцямі (і не ў далёкай рэвалюцыйнай пэрспэктыве, а зараз, 25.03.18). Банальна кажучы, чым больш ня толькі прыхільнікаў, але і паўпрыхільнікаў, чвэрць прыхільнікаў, сымпатызантаў, людзей, удзячных апазыцыі хаця б за добры канцэрт, людзей, якія ўсьвядомяць, што Дзень Волі — гэта і іх сьвята, тым лепш для пэрспэктывы, у тым ліку і палітычнай. Ужо рэвалюцыйнай будзе тая пэрспэктыва ці не, жыцьцё пакажа. Крытэр эфэктыўнасьці — рост сымпатыяў да альтэрнатывы, а не яе непахіснасьць. І гэта сутнасьць другога падыходу.

Варта заўважыць, што супярэчнасьці паміж гэтымі падыходамі — не адно паміж палітыкамі, якія сядзелі за сталом пасяджэньня аргкамітэту. Гэта супярэчнасьці ўнутры грамадзтва, прынамсі ўнутры яго апазыцыйнай часткі. Што робіць дасягненьне згоды асабліва складаным. Тым больш што бакі, якія сядзелі за тым сталом, маюць інструмэнты, каб прынамсі тарпэдаваць высілкі апанэнтаў. Прыхільнікі варыянту «шэсьце» могуць зладзіць яго і без дазволу. Прыхільнікі варыянту «канцэрт» могуць у сэпаратным парадку пагадзіцца з прапановай Менгарвыканкаму. Праўда, магчымасьці бакоў несымэтрычныя — пры наяўнасьці недазволенага шэсьця ўлады могуць, не ўдаючыся ў тонкія філязофскія адрозьненьні, разагнаць заадно і канцэрт.

Калі спрэчкі, якія ішлі на аргкамітэце, працягнуцца і на перамовах у гарвыканкаме, ветлівае пацісканьне плячыма і нават няветлівы рогат будуць даволі адэкватнай рэакцыяй чыноўнікаў на пазыцыю іх суразмоўцаў-заяўнікаў.

Рашэньне, прынятае на пасяджэньні аргкамітэту, так выглядае, вядзе менавіта да нечага падобнага. Цяжка сабе ўявіць, як 8 чалавек, сярод якіх прыхільнікі як аднаго, так і другога падыходу, будуць весьці перамовы з уладным бокам, які мае адзіную волю і адзіную пазыцыю. Калі спрэчкі, якія ішлі на аргкамітэце, працягнуцца і на перамовах у гарвыканкаме, ветлівае пацісканьне плячыма і нават няветлівы рогат будуць даволі адэкватнай рэакцыяй чыноўнікаў на пазыцыю іх суразмоўцаў-заяўнікаў.

Не ў парадку павучэньня, але, напэўна, сапраўды лепш было б, каб рашэньне, выбар быў зроблены на пасяджэньні аргкамітэту 26 лютага. Той ці іншы. Ці нават калі б быў канстатаваны незваротны раскол. Але тады б вырашалі людзі, якія сядзелі за тым сталом. Цяпер жа рашэньне можа быць прадыктаванае зьбегам абставінаў.

Розных. На прыгаданым пасяджэньні некаторыя яго ўдзельнікі распавядалі пра тое, што заходняй дыпляматыі беларускія ўлады паведамілі пра «шчодры падарунак», які ўлады гатовыя прэзэнтаваць ініцыятарам сьвяткаваньня. Мяркую, што калі б пасяджэньне вялося не пад камэру РС, некаторыя зь яго ўдзельнікаў расказалі б калегам, што заходняя дыпляматыя думае пра магчымасьць і мэтазгоднасьць прыняцьця гэтых умоваў. А падазраю, што пэўныя меркаваньні на гэты конт яна мае, і нават здагадваюся, якія. Хаця вырашаць, зразумела, ня ёй.

Аднак ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Гэта менавіта жывая трансьляцыя пасяджэньня аргкамітэту і наступствы гэтай трансьляцыі. Цяпер публіцы зразумелая дылема, вядомыя аргумэнты бакоў. І ў публікі ёсьць нагода выказаць сваё меркаваньне. У пэўным сэнсе цяпер адказнасьць ня толькі на чальцах аргкамітэту, ня толькі на тых яго 8 прадстаўніках, якія ўпаўнаважаныя на перамовы, але і на публіцы ў пэўным сэнсе. Бо яна цяпер ведае і мае асаблівую нагоду сказаць сваё слова.

Палітыкі ўсё ж ня робаты, якія дзейнічаць паводле раз і назаўжды закладзеных альгарытмаў. Яны ўсё ж чуюць грамадзтва, а не адно свае ўлюбёныя дактрыны. Адчуюць яны, што думка схіляецца да іншага, чым іхны, падыходу, што ім пагражае ізаляцыя, страта прыхільнікаў, асуджэньне — ну дык і могуць калі не памяняць, дык скарэктаваць свае пазыцыі. Палічыць балянс тут складана, але людзі, а асабліва палітыкі, адчуваюць дамінантны настрой. Прынамсі, дамінантны настрой той часткі грамадзтва, чыя думка для іх мае значэньне.

Да чаго іх будзе схіляць грамадзкая думка, убачым. Можа, і ні да чога; можа, і ў грамадзтве думкі падзеляцца і там ня вызначыцца дамінантны настрой. Ну тады ня лёс, значыць. Але і прэтэнзіі — не да адных палітыкаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG