Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам прапанаваў адзначыць 100 гадоў БНР мітынгам і сьвяточным канцэртам, але бяз шэсьця

абноўлена

Дзень Волі-2016, ілюстрацыйнае фота
Дзень Волі-2016, ілюстрацыйнае фота

Менгарвыканкам прапанаваў аргкаміту сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі зьмяніць пляны на 25 сакавіка: замест ранейшай заяўкі на шэсьце, мітынг і канцэрт падаць заяўку на толькі мітынг і канцэрт бяз шэсьця, расказаў на Facebook сябра аргкамітэту, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Як растлумачыў Віталь Рымашэўскі Свабодзе, такая прапанова паступіла ў вуснай форме, неафіцыйна. Але аргкамітэт будзе разглядаць прапанову – магчыма, што чальцы пагодзяцца і пададуць новую заяўку зь мітынгам і канцэртам або ў парку Янкі Купалы, або каля Опэрнага тэатру.

Рашэньне будзе супольнае, цягам тыдня, — Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

«Я думаю, цягам тыдня ўсе арганізацыі сфармуюць супольнае рашэньне, — кажа Рымашэўскі Свабодзе. — Для нас прынцыпова важна, каб была супольная пазыцыя ўсіх арганізатараў і заяўнікаў акцыі 25 сакавіка. Будзем імкнуцца, каб яно было прынятае кансэнсусна. Хачу нагадаць, што папярэдні фармат узгоднены ўсімі ў аргкамітэце: гэта сьвята, не пратэставая акцыя.

Мы намагаліся ўсімі магчымымі мэтадамі, каб улады далі адказ раней — у прынцыпе, пакуль папярэдні неафіцыйны адказ ёсьць. Прынамсі, яны сказалі, што калі будзе на такі фармат згода, то дазвол дадуць раней.

З майго пункту гледжаньня, ёсьць пытаньне даверу да чыноўнікаў Менгарвыканкаму і міліцыі ў тым, ці здольныя яны выконваць абяцаньні. Колькі раз мы ўжо пераконваліся, што чыноўнікі могуць падманваць, хлусіць, не кажу ўжо пра дзеяньні МУС.

Але будзем прымаць супольнае, узважанае рашэньне. Мы не зацікаўленыя ў канфрантацыі, мы зацікаўленыя ў мірным сьвяткаваньні і ў тым, каб сьвята стала нацыянальным, дзяржаўным беларускім сьвятам, заклікаем беларускія ўлады далучыцца да яго сьвяткаваньня».

***

Ліст з просьбай аб сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам, які падпісалі 13 прадстаўнікоў аргкамітэту, быў пададзены ў Менгарвыканкам яшчэ 25 студзеня. У ім прасілі дазволіць на 25 сакавіка ня толькі традыцыйнае шэсьце і мітынг (якія дазваляюць не заўсёды, нярэдка брутальна разганяюць), але і канцэрт у цэнтры гораду. Адказаў на звароты пакуль не было.

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG