Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геаграфія сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР пашырылася на ЗША, Канаду, Вялікую Брытанію, Бэльгію, Ізраіль, Ірляндыю, Чэхію, Літву і Латвію


Прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі расказалі 21 лютага пра пляны беларускіх дыяспараў.

Як сказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сьвята «не застанецца без увагі беларускай дыяспары па ўсім сьвеце», а геаграфія адзначэньня будзе больш шырокай, чым звычайна на Дзень Волі.

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што беларуская дыяспара шмат у якіх краінах мае наўпроставыя кантакты з урадамі, палітыкамі і навукоўцамі, якія «падтрымліваюць годнае адзначэньне» юбілею БНР.

100 гадоў БНР адзначаць у Менску, абласных цэнтрах, Варшаве, Кіеве

Больш за тое, у 2018 годзе шэраг суседніх краінаў таксама сьвяткуюць сотыя ўгодкі абвяшчэньня або аднаўленьня незалежнасьці. Свой юбілей ужо адзначылі літоўцы — беларускі аргкамітэт высылаў ім відэавітаньне са сьвятам. 24 лютага юбілей сьвяткуе Эстонія, ёй таксама перадаюць віншаваньні.

Украіна і Польшча

Рух салідарнасьці «Разам» займаўся заяўкамі на мерапрыемствы ў Варшаве і Кіеве, у тамтэйшыя аргкамітэты ўваходзяць самыя розныя арганізацыі.

Старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч
Старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч

У Кіеве імпрэзы 25 сакавіка пачнуцца за гадзіну да менскіх, апоўдні паводле мясцовага часу. З плошчы Незалежнасьці плянуюць зладзіць стрым, у якім мясцовыя палітыкі змогуць павіншаваць Беларусь зь юбілеем БНР. Пасьля калёна-веча рушыць да месца на вуліцы Грушэўскага, дзе ў час украінскай Рэвалюцыі годнасьці загінуў беларус Міхаіл Жызьнеўскі, затым — да помніка Герою Ўкраіны Вячаславу Чарнаволу, які загінуў 25 сакавіка 1999 году, адтуль — на вуліцу Герояў Нябеснай сотні, на Храшчацік і да беларускай амбасады, дзе, як кажа Сіўчык, прагучыць лёзунг «Банду геть!»

За два дні да таго, 23 сакавіка, у кіеўскай мэрыі пройдзе сьвяточны канцэрт, прысьвечаны 100-годзьдзю БНР.

У Кіеве склалі плян сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР: будзе шэсьце і флэш-моб

Акцыі на 25 сакавіка будуць таксама ў іншых гарадах Украіны — цяпер ужо вядома пра пляны сьвяткаваньня ў Чарнігаве і Львове, прычым у Львове акцыю плянуе не беларуская дыяспара, а самі ўкраінцы.

У Варшаве акцыя 25 сакавіка пройдзе традыцыйным маршрутам Дня Волі: а 12-й гадзіне паводле мясцовага часу людзі зьбяруцца ля помніка Тадэвушу Касьцюшку, пройдуць да помніка Адаму Міцкевічу. Розныя імпрэзы могуць зладзіць польскія беларусы ў іншых гарадах, у тым ліку ў Беластоку.

Беларусы па ўсім сьвеце

Аргкамітэты сьвяткаваньня юбілею БНР ёсьць у Вільні і Рызе, акцыі маюць адбыцца ў Бэльгіі і Ірляндыі, ізраільскім Ашдоце, канадзкіх Атаве і Таронта, амэрыканскіх Нью-Ёрку, Вашынгтоне і Філядэльфіі. Падрабязнасьці пра месцы і час акцыяў маюць зьявіцца пазьней. Але, дапускае Сіўчык, акцыя можа прайсьці нават ля нью-ёрскай штаб-кватэры ААН.

Пэўныя пляны вядомыя пра Лёндан: 21 сакавіка плянуецца ўрачысты прыём з нагоды юбілею БНР, 23 сакавіка — штогадовая канфэрэнцыя беларускіх студыяў, 24 сакавіка — міжнародны сымпозыюм з удзелам навукоўцаў розных краінаў, а 25 сакавіка — урачыстыя набажэнствы ў беларускай царкве ў паўночным Лёндане.

Сіўчык дадаў: беларускія дыяспары ёсьць ня толькі ў названых краінах; тых, каго не назвалі, заклікаў арганізоўваць уласныя акцыі, бо «дата вялікая, у ёй ёсьць месца для кожнага беларуса».

Менск: адказу ўладаў няма

Паводле Губарэвіча, адказу на заяўку аб правядзеньні акцыі ў Менску няма (а заяўку падалі яшчэ месяц таму). Гарвыканкам, кажа ён, адмаўляецца ісьці на кантакт, ухіляецца ад пэрсанальных сустрэч.

Губарэвіч дапусьціў, што чыноўнікі раней былі занятыя мясцовымі выбарамі, але цяпер аргкамітэт «інтэнсыфікуе спробы» дагрукацца да ўладаў. Аргкамітэт «дэкляруе адкрытасьць, гатовы весьці дыялёг і шукаць прымальны варыянт».

«Чакаем разуменьня: у агульных інтарэсах як мага раней прыйсьці да супольнага рашэньня», — завочна зьвярнуўся Губарэвіч да менскіх уладаў, але адзначыў, што пляны аргкамітэту наконт часу і месца акцыі пакуль не мяняюцца.

Сіўчык дадаў, што ў розныя гады рашэньні менскіх уладаў пра акцыі на Дзень Волі былі розныя, але сьвяткаваньне адбывалася ў кожным разе.

«Галоўнае, каб сёньняшнія ўлады паводзіліся не па-дзікунску, не ўжывалі гвалту супраць дэманстрантаў», — адзначыў ён, згадаўшы, што настрой яму сапсавала нядаўняе патрабаваньне пракурора пасадзіць на 4 гады «недармаеда» Сьвятаслава Барановіча, які бараніў анархістаў ад міліцыі. 28 лютага ў судзе чакаецца апошняе слова Барановіча — Сіўчык заклікаў зьвярнуць на гэта максымум увагі.

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

Таксама Сіўчык сказаў, што ўкраінцы дапамогуць беларускаму аргкамітэту распаўсюдзіць зьвесткі пра час і месца збору на акцыю ў Менску, бо беларускія «драконаўскія законы» (якія міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч назваў «жэстачайшай лібэралізацыяй») забараняюць заклікаць на яшчэ не дазволеныя ўладамі акцыі.

Абвешчаная сымболіка адзначэньня стагодзьдзя БНР

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG