Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве склалі плян сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР: будзе шэсьце і флэш-моб


Арганізацыйны камітэт для адзначэньня 100-годзьдзя БНР у Кіеве: Алег Аўчыньнікаў, Вячаслаў Сіўчык, Ігар Лялькоў

У Кіеве створаны арганізацыйны камітэт для адзначэньня 100-годзьдзя БНР. У яго ўвайшлі прадстаўнікі руху салідарнасьці «Разам» і Народнага руху Ўкраіны.

Сустрэча арганізатараў адбылася ў нядзелю, 11 лютага ў кіеўскім Музэі шасьцідзясятніцтва. Прадстаўнікі руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і Ігар Лялькоў расказалі пра гісторыю і сучаснасьць барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць.

На сустрэчы было прынятае рашэньне стварыць Арганізацыйны камітэт для адзначэньня 100-годзьдзя БНР у Кіеве. Да працы камітэту далучылася і палітычная партыя — Народны рух Украіны.

Як паведаміў прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» у Кіеве Алег Аўчыньнікаў, акцыя да 100-годзьдзя БНР у Кіеве адбудзецца адначасова з акцыяй у Менску. У Кіеве пройдзе шэсьце па беларускіх мясьцінах Кіева, у тым ліку да месца гібелі Міхася Жызьнеўскага, да помніка Ўладзімеру Караткевічу каля амбасады Рэспублікі Беларусь. Таксама аддадуць пашану і ўкраінскаму палітыку Вячаславу Чарнавілу, помнік якому знаходзіцца ля месцаў сутыкненьняў дэманстрантаў зь міліцыяй у 2014 годзе на вуліцы Грушэўскага.

За гадзіну да пачатку шэсьця плянуецца флэшмоб «Гадзіна свабоды», калі кожны ахвотны зможа павіншаваць Беларусь з Днём Волі ў анлайн-стрыме.

Арганізацыйны камітэт правядзе яшчэ шэраг паседжаньняў, падчас якіх удакладніць акалічнасьці сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР і паспрабуе залучыць як мага больш арганізацыяў да супрацоўніцтва, паведаміў Свабодзе Алег Аўчыньнікаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG