Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў БНР адзначаць у Менску, абласных цэнтрах, Варшаве, Кіеве


Сябры Нацыянальнага ​аргкамітэту сьвяткаваньня 100 гадоў незалежнасьці БНР спадзяюцца, што ў Менску 25 сакавіка зьбяруцца дзясяткі тысяч беларусаў. Юбілей адзначаць у іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Кіеве, Львове, Варшаве.

Максім Вінярскі, архіўнае фота
Максім Вінярскі, архіўнае фота

Чалец камітэту Максім Вінярскі нагадаў, што пададзеная заяўка ў Менгарвыканкам на правядзеньне 25 сакавіка шэсьця па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Свабоды. Вінярскі запэўніў, што акцыя будзе мірнай: «Нават для тых, хто пад чырвона-зялёным сьцягам, гэта сьвята».

Сябры аргкамітэту распрацавалі лягатып сьвята (спампаваць у высокай якасьці можна тут), сабралі больш за 1 тысячу рублёў ахвяраваньняў.

Мікола Купава, архіўнае фота
Мікола Купава, архіўнае фота

Мастак Мікола Купава, сакратар аргкамітэту сьвяткаваньня, сказаў, што аргкамітэт намагаецца ўстанавіць мэмарыяльныя дошкі з нагоды юбілею на тэатры Янкі Купалы і на вуліцы Валадарскага.

«Мы паралельна прапанавалі перайменаваць гэтую вуліцу Валадарскага ў вуліцу братоў Луцкевічаў. З траўня змагаемся за гэта, але пакуль ніякіх вынікаў няма. Ідзе цяганіна. Па ўсім відаць, што гэта ня вырашыцца пакуль. Дошка гатовая, павесіць яе няма праблемы. Калі стане ясна, што ўлады на гэта ня пойдуць, мы зробім кардонны макет, каб устанавіць там хаця б на дзень і ўскласьці кветкі».

На 24 сакавіка таксама заплянаванае ўрачыстае паседжаньне і канцэрт у адной з прэстыжных заляў Менску.

Паводле Купавы, у Менск запрасілі дзеячоў Рады БНР, у тым ліку старшыню Рады Івонку Сурвілу. Будуць запрашаць і прадстаўнікоў краін Эўразьвязу.

Аляксей Янукевіч, архіўнае фота
Аляксей Янукевіч, архіўнае фота

Сябра аргкамітэту Аляксей Янукевіч паведаміў, што падрыхтоўка да юбілею не абмяжоўваецца Менскам. Ва ўсіх абласных цэнтрах створаныя камітэты сьвяткаваньня ўгодкаў, усе маюць свае пляны мерапрыемстваў: канцэрты, сустрэчы з гісторыкамі, масавыя гуляньні заплянаваныя ў Горадні і Берасьці, там падаюцца заяўкі. «Акцыя не павінна насіць канфрантацыйны характар. Мы настроеныя сьвяткаваць.

Разьлічваем, што і прадстаўнікі міжнароднай грамадзкасьці выступяць пасярэднікамі. Але спадзяёмся на пазытыў беларускіх уладаў», — заявіў Янукевіч.

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Павал Севярынец расказаў пра кантакты з уладамі, выказаў расчараваньне, што пакуль няма адказаў на заяўкі:

«Мы дамагаліся сустрэчы з мэрам Менску Шорцам, пакуль бяз выніку. Пазаўчора я хадзіў зь Вінярскім туды, адказалі, што ня прыме, што адказ будзе пісьмовы. Было 4 спробы. Мы канстатуем, шть пакуль няма жаданьня з намі размаўляць».

Севярынец паведаміў пра пачатак акцыі «Сэлфі незалежнасьці», якая будзе ісьці з 3 лютага да 25 сакавіка.

Паводле яго, аргкамітэт не разглядае магчымасьці сьвяткаваньня на плошчы Бангалор.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG