Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія ўлады ня будуць адзначаць 100 гадоў БНР


Архіўны здымак. Дзень Волі ў Гомлі — актывісты на месцы, дзе стаяў бацькоўскі дом Палуты Бадуновай

Гомельскі аблвыканкам і яго галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі ня бачаць патрэбы ў стварэньні аргкамітэту для сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Дата стварэньня БНР не зьяўляецца дзяржаўным сьвятам, якія вызначаны паводле Ўказу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных сьвятах, сьвяточных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», і не прадугледжвае маштабных мерапрыемстваў», — напісала ў адказе на ліст пісьменьніка Анатоля Бароўскага першая намесьніца начальніка ўпраўленьня ідэалёгіі Інга Заўгародняя.

Анатоль Бароўскі разам зь іншымі грамадзкімі актывістамі і навукоўцамі дасылаў у Гомельскі аблвыканкам прапановы наконт сьвяткаваньня ў рэгіёне 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Што прапаноўвала грамадзкасьць

Грамадзянская супольнасьць Гомля выказалася за арганізацыю «круглых сталоў», цыкляў лекцый у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, публічных сустрэч прадстаўнікоў улады і навукоўцаў на базе архіўных установаў ды бібліятэк, падчас якіх ладзіліся б расповеды пра абвяшчэньне БНР як важны крок у справе ўтварэньня самастойнай беларускай дзяржавы.

Актывісты таксама прапанавалі Гомельскаму гарвыканкаму надаць адной з вуліц у горадзе імя Палуты Бадуновай — народнага сакратара апекі БНР, ураджэнкі Навабеліцы, альбо усталяваць у яе гонар памятную мэмарыяльную дошку.

Ідэалягічнае ўпраўленьне лічыць, што перайменаваньне вуліцы ў гонар дзяячкі БНР адносіцца да кампэтэнцыі тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме. Пра мэмарыяльную дошку ў адказе ані слова. У адказе нагадваецца таксама, што вучэбнай праграмай па прадмеце «Гісторыя Беларусі» ў Х клясе прадугледжана вывучэньне тэмы: «Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі».

«Улады цьмяна ўяўляюць беларускую будучыню»

Анатоль Бароўскі выказвае неўразуменьне з нагоды стаўленьня ідэолягаў да 100-гадовага юбілею абвяшчэньня БНР.

«Гэта не суадносіцца са здаровым сэнсам, беларускай нацыянальнай ідэяй. Бо незразумела, адкуль Беларусь узялася, дзе вытокі нашай дзяржаўнасьці», — кажа гомельскі пісьменьнік.

Яшчэ адзін падпісант звароту да ўладных структураў наконт сумеснага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР Уладзімер Кацора бачыць у вышэйзгаданым адказе палітычны кантэкст.

«Там, дзе размова ідзе пра мінулае, гэта насамрэч размова пра дзень сёньняшні й будучы. Такі адказ уладаў — гэта прызнаньне таго, што яны даволі цьмяна ўяўляюць беларускую будучыню», — заяўляе Кацора.

100 гадоў БНР адзначаць у Менску, абласных цэнтрах, Варшаве, Кіеве

Горадзенскія ўлады адмовіліся адзначаць 100 год БНР разам з апазыцыяй

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG