Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе для «недармаеда» Барановіча, які бараніў анархістаў ад міліцыі, 4 гады калёніі


Сьвятаслаў Барановіч

У Маскоўскім судзе завяршаецца працэс над удзельнікам «Маршу недармаедаў» менчуком Сьвятаславам Барановічам, якога судзяць праз абвінавачаньне ў нападзе на міліцыянта.

Суд пачаўся 15 лютага і працягнуўся 20 лютага. Пасьля таго, як судзьдзя зачытала некаторыя паказаньні Сьвятаслава Барановіча, якія ён даваў падчас папярэдняга сьледзтва, слова далі прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачаньня Валерыі Сергіенцы.

Пракурор заявіла суду, што віна Барановіча ва ўжываньні гвалту ў дачыненьні міліцыянта была цалкам даказаная і запрасіла для яго 4 гады зьняволеньня агульнага рэжыму. Пракурор прасіла суд улічыць, што Сьвятаслава Барановіча раней неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці.

«Хай прыходзіць у нашу сэкцыю боксу, сустрэнемся ў сумленным баі» — судзяць менчука, які зьбіў амапаўца пасьля «Маршу недармаедаў»

Абаронца Барановіча прасіў суд абмежавацца пакараньнем, не зьвязаным абмежаваньнем волі, і зьвяртаў увагу на тое, што Барановіч раскаяўся і прызнаў віну, а раней добра характарызаваўся. «Прашу даць апошні шанц чалавеку, не пазбаўляць яго волі», — сказаў адвакат.

Апошняе слова Барановіча прызначылі на 28 лютага, 11 раніцы. Тады ж чакаецца прысуд.

Як вынікае з паказаньняў Барановіча, адразу пасьля арышту ў лістападзе 2017 году ён не прызнаваў сваёй віны і казаў, што ня памятае, дзе быў 15 сакавіка і ці наносіў каму ўдары. Пазьней, калі ў Барановіча зьявіўся адвакат, ён пачаў даваць паказаньні і ў сьнежні прызнаў віну. «Ударыў супрацоўніка міліцыі, бо не хацеў, каб ён затрымаў анархіста», — прызнаваў на допыце Сьвятаслаў Барановіч. Тады ж ён прызнаў, што навучыўся вонкава адрозьніваць супрацоўніка міліцыі ў цывільным ад звычайнага грамадзяніна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG