Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты заклікалі прызнаць палітвязьнем удзельніка «Маршу недармаедаў» Барановіча


Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота

Удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням Беларусі» заклікалі прызнаць палітвязьнем Сьвятаслава Барановіча. Ён чакае за кратамі суду па абвінавачаньні ва ўжываньні гвалту адносна пераапранутых міліцыянтаў пасьля сакавіцкага «Маршу недармаедаў». Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Сьвятаслаў Барановіч — удзельнік акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Пасьля Плошчы ён быў асуджаны на 3 гады ўмоўна.

Справа Барановіча

З кастрычніка 2017 году Сьвятаслава Барановіча, які займаўся ў Менску будаўнічым бізнэсам, трымаюць у СІЗА. Пра гэта стала вядома на пачатку студзеня. Паводле сьледчых, справу Барановіча ўжо перадалі ў суд, але ў які, не паведамляецца.

Удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням Беларусі», у тым ліку Ганна Шапуцька, Алег Воўчак, Павал Севярынец, Андрэй Бандарэнка, Кацярына Садоўская, Вольга Мікалайчык, Мікалай Аўтуховіч ды іншыя, прагаласавалі за ўключэньне Сьвятаслава Барановіча ў сьпіс палітвязьняў, бо лічаць ягоную справу «відавочным перасьледам за палітычныя меркаваньні».

Яны заклікаюць праваабаронцаў і палітыкаў Беларусі далучыцца да кампаніі салідарнасьці са Сьвятаславам Барановічам.

Каардынатар форуму Ганна Шапуцька сказала Свабодзе, чаму галасавала за прызнаньне Барановіча палітвязьнем.

«Паводле маіх зьвестак, інцыдэнт, за які завялі справу на Сьвятаслава Барановіча, адбываўся гэтак. Пасьля „Маршу недармаедаў“ невядомыя асобы пачалі затрымліваць удзельнікаў маршу — маладых анархістаў, якія спрабавалі зьехаць на тралейбусе ад плошчы Бангалор. Прычым гэтыя людзі былі ў цывільным і не назваліся, што яны міліцыянты. Пачалася бойка, у якой узяў удзел Сьвятаслаў Барановіч. Але і ён, як іншыя, ня ведаў, што перад ім супрацоўнікі міліцыі, бо яны не назваліся і былі ў цывільным. Ён мог прыняць гэтых людзей за хуліганаў і, адпаведна, аказаць ім супраціў. Дык у чым ягоная віна? А тое, што ён пад арыштам нібыта прызнаў сябе вінаватым — дык гэта таксама зразумела. Націснулі на чалавека, бо добра ведаюць ягоныя палітычныя погляды, і вось помсьцяць», — кажа Ганна Шапуцька.

У Менску пасьля «Маршу недармаедаў» затрымалі анархістаў (ВІДЭА)

Пазыцыя сьледчых

У Сьледчым камітэце ня сталі камэнтаваць зьвесткі пра тое, што група беларускіх праваабаронцаў прызнала Сьвятаслава Барановіча палітвязьнем.

«Сьледчы камітэт правёў папярэдняе расьсьледаваньне, а больш нічога дадаць мы ня можам. Даваць ацэнку гэтай справе будзе суд», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар СК Сяргей Кабаковіч і нагадаў пра свой ранейшы камэнтар да справы Барановіча.

«Управай Сьледчага камітэту па Менску праводзіліся праверкі, па выніках якіх была заведзеная крымінальная справа па 339 артыкуле Крымінальнага кодэксу. З улікам высьветленых падчас расьсьледаваньня акалічнасьцяў справа была перакваліфікаваная па 364 артыкуле КК. Паводле сьледзтва, абвінавачаны (на відэа „мужчына ў чырвонай куртцы“) наносіў удары мужчыну на тралейбусным прыпынку, пэўна ведаючы, што той зьяўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы завершана, матэрыялы справы перададзеныя пракурору. У дадзены час справа накіравана ў суд», — паведамляў журналістам Сяргей Кабаковіч са Сьледчага камітэту.

Зварот да генпракурора

Прызнаўшы Сьвятаслава Барановіча палітвязьнем, форум «Свабоду палітвязьням Беларусі» накіраваў Генэральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку адкрыты ліст, у якім праваабаронцы просяць даць прававую ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі падчас «Маршу недармаедаў» у сакавіку 2017 году.

«Мы вельмі ўсхваляваныя і абураныя такім беззаконьнем праваахоўных органаў і патрабуем правесьці пракурорскую праверку дзеяньняў супрацоўнікаў, якія 15.03.2017, знаходзячыся на працы бяз формы і знакаў адрозьненьня, не прадстаўляючыся, не прадʼяўляючы службовага пасьведчаньня, гвалтоўна, па-бандыцку напалі на мірных менчукоў, дзейнічалі нахабна, непрафэсійна, нягледзячы на тое, што згодна з п.10 гл.3 „Правілаў прафэсійнай этыкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь“ яны абавязаныя ў працы пры зносінах з грамадзянамі праяўляць цярпеньне, ветлівасьць, тактоўнасьць, добразычлівасьць і павагу», — сказана ў звароце праваабаронцаў да генпракурора.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG