Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам прыемна, што мы змаглі абʼяднаць беларусаў». Беларуская царква ў Лёндане перамагла ў народным галасаваньні


Беларуская царква ў Лёндане, архітэктар Со Цзыўай. Фота Joakim Boren

Беларуская царква ў гонар сьвятога Кірылы Тураўскага, пабудаваная ў 2016 годзе ў Лёндане, перамагла ў намінацыі «Народны выбар» у архітэктурным конкурсе New London Architecture.

Вынікі конкурсу сталі вядомыя сёньня. Царква трапіла ў шортліст некалькіх намінацый: самы энэргаэфэктыўны будынак, «Культура і супольнасьць», а таксама Ashden Prize.

Асобна праходзіла народнае галасаваньне. Пераможца павінен быў набраць максымальную колькасьць публікацыяў у Твітэры і па электроннай пошце. Да кампаніі ў падтрымку беларускай царквы далучыліся Міністэрства замежных справаў, беларускія амбасады, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і беларуская грамадзкасьць.

Со Цзыўай, фота Sasha Belookaya
Со Цзыўай, фота Sasha Belookaya

Брытанскія журналісты і архітэктурныя кампаніі таксама заклікалі галасаваць за царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага. Летась царква трапіла ў The Times з той нагоды, што стала першым драўляным храмам Лёндана з 1666 году.

«Незалежна ад паходжаньня, беларусы падтрымліваюць нас, — казаў Свабодзе Со Цзыўай, архітэктар царквы. — Гэта вельмі кранальна. Нават калі мы ня выйграем, нам прыемна, што мы змаглі абʼяднаць беларусаў».

Паводле архітэктара, ён не разьлічваў на перамогу ў гэтай намінацыі. Сярод 160 намінантаў былі буйныя кампаніі, якія заклікалі ўсіх сваіх супрацоўнікаў прымаць удзел у галасаваньні.

«Цяпер беларуская царква атрымала тытул самага ўлюбёнага новага будынку ў сталіцы Вялікай Брытаніі», — сказаў Со Цзыўай.

На ўдзел у конкурсе New London Architecture былі заяўленыя больш за 400 новых будынкаў Лёндана, пабудаваных у 2016 годзе. 160 зь іх трапілі ў шортліст. Беларуская царква хоць і ня выйграла ў трох іншых намінацыях, але была адзначаная журы.

Гэта чарговая ўзнагарода, якую атрымлівае беларуская царква ў Лёндане. Свабода пісала пра тое, як царква атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award) і трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лёндана.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG