Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую царкву ўключылі ў лік самых энэргаэфэктыўных будынкаў Лёндана


Беларуская царква ў Лёндане. Фота Joakim Boren

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага, пабудаваная ў 2016 годзе ў Лёндане, трапіла ў шортліст найлепшых будынкаў гораду. Паводле вэрсіі арганізацыі New London Architecture (NLA) беларуская царква прэтэндуе на ўзнагароду ў трох намінацыях: самы энэргаэфэктыўны будынак, «Культура і супольнасьць», «Народны выбар».

У шортліст конкурсу New London Architecture адабрана 160 праектаў новых будынкаў Лёндана. Яны падзеленыя на 15 катэгорый. Беларуская царква трапіла адразу ў некалькі.

Со Цзыўай (Tszwai So​), аўтар праекту царквы і кіраўнік архітэктурнага бюро Spheron Architects, расказаў Свабодзе, што адзнака New London Architecture вельмі важная для беларускай супольнасьці.

«Было б цудоўна для Беларусі мець найлепшы будынак Лёндана, названы ў гонар іхняй краіны», — сказаў Со Цзыўай Свабодзе.

Со Цзыўай на будоўлі беларускай царквы ў 2016 годзе. Фота — Саша Белавокая
Со Цзыўай на будоўлі беларускай царквы ў 2016 годзе. Фота — Саша Белавокая

Царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага пабудавалі каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане ў 2016 годзе. Яна стала першым драўляным храмам Лёндана з 1666 году. Каб атрымаць «адчуваньне беларускай архітэктуры», Со Цзыўай адмыслова прыяжджаў у Беларусь, каб пабачыць аўтэнтычныя драўляныя цэрквы. Ён лічыць, што яны павінны быць у Сьпісе сусьветнай спадчыны UNESCO.

Царква таксама — храм-помнік ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Беларуская капліца ў Лёндане. Фота Joakim Boren
Беларуская капліца ў Лёндане. Фота Joakim Boren

Самая прэстыжная намінацыя, у якую трапіла беларуская царква, — Ashden Prize. Гэта прыз за найлепшы энэргаэфэктыўны будынак. Ashden Prize адзначае праекты, якія маюць так званы «пасіўны дызайн», генэруюць энэргію з аднаўляльных крыніц, спажываюць мала электраэнэргіі і цяпла, выкарыстоўваюць наватарскія матэрыялы і тэхналёгіі. Шырокае прымяненьне такіх рашэньняў мае зрабіць Лёндан больш экалягічным.

У царкве выкарыстана натуральная вэнтыляцыя. Яна абаграецца сыстэмай ад інжынэрнай кампаніі Arup, якая праектавала будынак Опэры ў Сыднэі. Таксама царква арыентаваная на поўдзень, каб атрымліваць максымальнае цяпло ўзімку.

Інтэрʼер беларускай капліцы. Фота — Ioana Marinescu
Інтэрʼер беларускай капліцы. Фота — Ioana Marinescu

«Сьвятар сказаў, што тэмпэратура заўжды ідэальная: у царкве ня вельмі горача і ня вельмі холадна», — кажа Со Цзыўай.

У шортліст Ashden Prize трапілі тры будынкі: Анкалягічны цэнтар шпіталя Гай (ад вядомага архітэктара Рычарда Роджэрса), Dalston Lane (cамы вялікі ў сьвеце будынак, зроблены з драўляных панэляў) і беларуская царква.

«Беларуская царква спаборнічае з адным з самых вядомых архітэктараў 20 стагодзьдзя — лордам Рычардам Роджэрсам», — сказаў Со Цзыўай.

Пераможцаў у кожнай намінацыі вызначае прафэсійнае журы. Паралельна сярод усіх фіналістаў праводзіцца народнае галасаваньне. Будынак, які набярэ найбольш рэтвітаў, атрымае прыз у намінацыі «Народны выбар». Архітэктар спадзяецца на падтрымку беларусаў.

Царква ўжо атрымала ўзнагароду на іншым конкурсе — RIBA London Award. Фота — Agnese Sanvito
Царква ўжо атрымала ўзнагароду на іншым конкурсе — RIBA London Award. Фота — Agnese Sanvito

«Было б добра, каб за беларускую капліцу прагаласавалі як за лепшы будынак Лёндана, — кажа архітэктар. — Гэта дапаможа прамоцыі Беларусі ў Лёндане. Калі ўсе беларусы абʼяднаюцца, мы можам стварыць цуд. Будынак, названы ў гонар краіны, будзе найлепшым у Лёндане».

Галасаваньне праходзіць да 26 чэрвеня на сайце New London Architecture. Каб прагаласаваць, трэба зрабіць твіт, які павінен утрымліваць #NLAwards17 @nlalondon, ці запоўніць форму.

Гэта ня першая ўзнагарода, якую атрымлівае беларуская царква ў Лёндане. Свабода пісала пра тое, як царква атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award) і трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лёндана.

XS
SM
MD
LG