Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэты дзень 100 гадоў таму над Менскам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг


Губэрнатарскі дом, Менск, люты 1918

Роўна 100 гадоў таму, у ноч на 19 лютага 1918 году бальшавіцкае кіраўніцтва ў паніцы бяз бою пакінула Менск перад наступам нямецкага войска. На нейкі момант горад застаўся без улады. Гэтым скарыстаўся беларускі палітычны актыў, які прыняў рашэньне ўзяць кантроль над горадам і перадаць уладу Радзе Ўсебеларускага Зьезду.

Беларускім камэндантам гораду быў прызначаны кіраўнік Цэнтральнай беларускай вайсковай рады Кастусь Езавітаў. На кантроль над Менскам прэтэндавалі і польскія вайскоўцы зь мясцовых ваенізаваных арганізацыяў.

Урэшце да вечара 19 лютага беларусы і палякі прыйшлі да пагадненьня, падзялілі Менск на сфэры кантролю і пачалі рэквізыцыі ў складах зброі і дзяржаўных установах. Здабывалася зброя і праз раззбраеньне прысутных у горадзе бальшавіцкіх салдатаў, тыя былі настолькі дэмаралізаваныя, што не чынілі ніякага супраціву, хоць колькасьцю значна перавышалі палякаў і беларусаў разам узятых.

Каля 22.00 Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду, які ўжо зьбіраўся ператварыцца ва Ўрад, заняў пад сваю сядзібу Губэрнатарскі дом на Пляцы Волі і вывесіў на яго бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Праз дзень — 21 лютага — Выканаўчы Камітэт выступіць зь першым дзяржаўніцкім актам — «Устаўной Граматай да Народаў Беларусі».

Так сто гадоў таму пачалася Беларуская Нацыянальная Рэвалюцыя.

Стагодзьдзю БНР мы прысьвяцілі адмысловы мікрасайт, дзе будзем зьбіраць усё, зьвязанае зь сёлетнім юбілеем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG