Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на Дзень Волі ня трэба шэсьця


І канцэрт, і шыльда, і сымболіка — проста нязвыкла, што ўсё гэта ўлады дазволілі так лёгка і хутка, амаль як у казцы. Воўк у лесе здох... Дык што гэта было?

Вядома, адыграла ролю і пазытыўнае заключэньне афіцыйных гісторыкаў пра БНР. І сама гэтая лічба — 100 — ня можа ня ўражваць, у тым ліку і людзей ва ўладзе. І тое, што мова з сымболікай апошнія гады рэальна дэпалітызаваліся. І заклінаньні Лукашэнкі пра «незалежнасьць — галоўнае» таксама рабілі спрыяльную глебу. Нехта яшчэ казаў пра «раскол апазыцыі», нехта — пра здраду, што таксама важна. Бо галоўнае, што адбылося, на маю думку, ня ў гэтым. Гэта — фактары.

У лідэры грамадзянскай супольнасьці Беларусі прыйшло новае пакаленьне.

Галоўнае — у лідэры грамадзянскай супольнасьці Беларусі прыйшло новае пакаленьне — са сваім крэатывам, стылем, бязь цяжару старых крыўдаў, звычак і абавязаньняў, не залежнае ні ад грантаў, ні ад структурных традыцыяў, ні ад упартае веры, што калі я перастану дзяўбсьці ў тую самую кропку, я страчу аўтарытэт.

Адбылося гэта зь дзьвюх прычын. Па-першае, новае пакаленьне натуральным чынам вырасла. Па-другое, старое пакаленьне, застаючыся розумам па-ранейшаму недзе ў 1996 годзе, у сілу інэртнасьці крытычна страціла сілы. І тая трансьляцыя з аргкамітэту, якую мы глядзелі на Радыё Свабода, яна і паказала, на маю думку, гэты пераломны і незваротны момант зьмены пакаленьняў.

Упёртасьць — зусім ня тое, што можа прывабіць моладзь.

Стала нарэшце відавочна: упёртасьць — зусім ня тое, што можа прывабіць моладзь. Радыкалізм дзеля радыкалізму — як толькі маркер пэўнага лідэра — ня мае пэрспэктывы. Мова, сымболіка, культура — ня могуць выкарыстоўвацца як толькі цюнінг даўно састарэлай апазыцыйнай мадэлі. Ня можа быць такой на іх манаполіі. Асабіста я, колькі ні ламаў галаву, не знайшоў ніводнага рацыянальнага тлумачэньня, навошта на сьвята патрэбнае шэсьце. Калі гаварыць бяз патасу і надрыву.

Новае пакаленьне лідэраў грамадзянскай супольнасьці зрабіла тое, што рабіла моладзь у другой палове 1980-х. Яна рабіла менавіта сьвята непалітызаванай беларушчыны, зьбіраючы вакол сябе такую самую моладзь. Сьвядомых беларусаў рабілася ўсё болей і калі іх колькасьць дасягнула патрэбнае масы, калі насьпелі перамены, гэтая маса палітызавалася на раз-два.

Думаю, так мусіць быць і цяпер. І новыя лідэры разумеюць гэта. Бо іншага шляху дайсьці да беларускага грамадзтва і абудзіць яго няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG