Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пра БНР кажуць беларускія міністры, чыноўнікі і Лукашэнка


Першы ўрад БНР, 1918 год, архіўнае фота
Першы ўрад БНР, 1918 год, архіўнае фота

Афіцыйныя асобы Беларусі амаль ніколі ня згадваюць Беларускую Народную Рэспубліку і сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка. А сёлета 28 лютага быў пастаўлены рэкорд: адразу два міністры выказаліся пра БНР. Свабода ўспамінае, што раней казалі пра БНР іншыя афіцыйныя асобы.

Аляксандар Карлюкевіч, міністар інфармацыі

28 лютага 2018 году, паводле «Нашай нівы»:

Аляксандр Карлюкевіч
Аляксандр Карлюкевіч

«Безумоўна, гэта [абвяшчэньне незалежнасьці БНР] вельмі важны крок у гісторыі Беларусі. Многія ўдзельнікі тых падзеяў 1918 году засталіся ў гісторыі. Яркая постаць Браніслава Тарашкевіча, яго ўнікальны і драматычны лёс сьведчыць, якая няпростая рэакцыя была на 1918 год, для беларуса і яго нацыянальнага самавызначэньня».

Ігар Шуневіч, міністар унутраных справаў

28 лютага 2018 году, паводле «Эўрарадыё»:

Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

«І ўлады, і арганізатары гэтага мерапрыемства [сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР] павінны знайсьці агульную мову і зрабіць так, каб гэта было прымальна для абодвух бакоў. Чым больш мірна, спакойна, цывілізавана і, зразумела, з выкананьнем усіх гістарычных патрабаваньняў, тым для міліцыі будзе лепш. Таму я вітаю жаданьне ўладаў і арганізатараў знайсьці залатую сярэдзіну і правесьці ўсё цывілізавана: без абвастрэньня, узаемных папрокаў. Усё ж гэта гісторыя, і да яе трэба ставіцца з павагай».

Натальля Качанава, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі

19 студзеня 2018 году, паводле «Нашай нівы»:

Натальля Качанава
Натальля Качанава

«Такія ідэі [адсьвяткаваць 100-годзьдзе БНР на дзяржаўным узроўні] гучаць, мы таксама падключаемся да гэтых пытаньняў. Але ўсё павінна быць цывілізавана: калі людзей заклікаюць выходзіць на нейкія мітынгі, гэта няправільна. А калі гэтае сьвяткаваньне неабходнае грамадзтву, то, значыць, будзем разам, супольнымі дзеяньнямі і плянамі рэалізоўваць усё гэта. Як вызначацца людзі, якім гэта неабходна, так і будзе».

Генадзь Давыдзька, тагачасны кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі

19 студзеня 2018 году, паводле «Нашай нівы»:

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

«Тут яшчэ шмат пытаньняў, канкрэтна ў мяне: а хто былі тыя людзі, якія абвяшчалі БНР? Як яны скончылі, з чаго пачыналі? І якія памылкі рабілі? Вядома, што былі рамантычныя настроі, хацелі незалежнасьці. А што з гэтага атрымалася? А што больш паўплывала на лёс сёньняшняй нашай незалежнасьці? Магчыма, што, калі б не было БНР, то не было б БССР, але гэта ня факт. Мы — Белтэлерадыёкампанія — будзем асьвятляць гэтую дату: зробім максымальна шчырае гістарычнае дасьледаваньне. Адно толькі мне хочацца, каб гэтая дата працавала на кансалідацыю: мы павінны разам сьвяткаваць ці адзначаць, але ня мусім шукаць рэчы, якія нас разьядноўваюць».

Аляксандар Лукашэнка

1 сьнежня 2017 году, паводле President.gov.by:

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Падзеі 1917 году садзейнічалі імкненьню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэньня Беларусі, якая ішла зьнізу, ад ініцыятывы народных масаў, выявілася ў скліканьні Першага Усебеларускага зьезду [які прывёў да абвяшчэньня БНР]. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для нас да гэтага дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці».

1 ліпеня 2017 году, паводле President.gov.by:

«Гэтыя працэсы [наступствы Першай усясьветнай вайны і расейская рэвалюцыя 1917 году] закранулі і нас. Пытаньне беларускай дзяржаўнасьці трывала ўвайшло ў парадак дня эўрапейскай геапалітыкі. Былі мужныя, часам утапічныя спробы самавызначэньня. Некаторыя дзеячы, натхнёныя высокімі ідэямі, так і не зразумелі таго, што незалежнасьць і свабоду войскі кайзэраўскай Нямеччыны не прынясуць ніколі. Яе тварцом можа быць толькі сам народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры».

***

Іншыя чыноўнікі апошнім часам не выказваліся публічна пра БНР або Дзень Волі.

У 2016 годзе тагачасны галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч казаў, што БНР — гэта «адна вяха гэтага шляху да незалежнай Беларусі». За восем гадоў да таго ён называў БНР «часткай гісторыі беларусаў», але «асуджанай на паразу рамантычнай ідэяй, якая сутыкнулася з суворымі рэаліямі».

Міністар культуры Юры Бондар не выказваўся на гэтыя тэмы публічна, але Міністэрства культуры заплянавала некалькі мерапрыемстваў на 100-годзьдзе БНР (сьпіс нядоўгі). Мінкульт наагул сумняваецца, што БНР абвяшчалі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Урад Беларусі вырашыў у 2018 годзе на дзяржаўным узроўні адзначыць 100-годзьдзе ВЛКСМ (магчыма, як альтэрнатыву 100-годзьдзю БНР). На распараджэньне прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова створаны Рэспубліканскі аргкамітэт сьвяткаваньня, які ўзначаліў міністар адукацыі Ігар Карпенка, былы кіраўнік Кампартыі Беларусі. На афіцыйным сайце праўладнай Кампартыі БНР называлі «антысавецкай і русафобскай задумай».

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG