Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якубовіч: БНР — гэта адна зь вехаў гэтай сталбавой дарогі да незалежнай Беларусі


Павал Якубовіч, архіўнае фота 2009 году
Павал Якубовіч, архіўнае фота 2009 году

27 сакавіка ўпершыню ў «Клюбе рэдактараў» узяў удзел намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У перадачы тэлеканалу абмяркоўвалі праблему ўцекачоў, нядаўнія тэракты ў Эўропе, удзел апазыцыі ў паседжаньні працоўнай групы па Беларусі і Дзень Волі.

Навошта апазыцыя езьдзіла «хлябаць стары, пяцігадовай даўніны супчык?»

Беларуская апазыцыя ў Брусэлі: палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч у Эўрапарлямэнце
Беларуская апазыцыя ў Брусэлі: палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч у Эўрапарлямэнце

Вядоўцу Генадзя Давыдзьку вельмі цікавіла, навошта апазыцыя езьдзіла ў Брусэль, падчас перадачы ён некалькі разоў падкрэсьліў, што працоўная група складалася выключна з апазыцыі.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

«Што робіць працоўная група ў Брусэлі, у якой ніводнага вырашальнага чалавека няма? То бок, ніводнага чалавека ад ўлады, зь якім можна весьці перамовы канструктыўна? Што гэта за фарс на фоне трагедыі?» — запытаўся Давыдзька.

«Калі б выбары ў Беларусі — парлямэнцкія, мясцовыя выбары — былі празрыстыя і цалкам адпавядалі хаця б беларускаму заканадаўству, то адназначна адносіны эўрапейскіх краінаў да Беларусі былі б іншыя», — паспрабаваў патлумачыць Рыгор Кастусёў. Давыдзька яго перабіў: маўляў, шмат хто прызнаў выбары. І далей запытаўся: «Дык што яны там абмяркоўвалі? Гэта на кансалідацыю альбо гэта проста плянавая трата эўрапейскіх грошай?»

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Кастусёў адказаў, што там абмяркоўваліся ня толькі выбары, але і пытаньне аб далейшым лёсе Беларусі. Спадар Давыдзька зноў перабіў яго: «А чаго без удзелу беларускага народа?» Кастусёў запярэчыў, што і ён, і Аляксей Янукевіч, які там быў, таксама прадстаўнікі беларускага народа. Давыдзька быццам бы і пагадзіўся, але заявіў, што «ўвогуле прадстаўніком беларускага народа зьяўляецца дэпутат».

«Сьвет зьмяніўся, сьвет трэба кансалідаваць, а тут нейкія старыя мэтады: вось сабраліся каля нейкай „старой плошкі“ і давай хлябаць стары, пяцігадовай даўніны супчык адтуль. Вось разьвітая дэмакратыя», — зрабіў выснову Давыдзька.

Давыдзьку адказаў галоўны рэдактар «Звязды» Алесь Карлюкевіч:

«Старыя мэтады зрабіць новымі ці апрануць іх у новую вопратку — зьвязана з абмеркаваньнем у дадзеным выпадку мэтадаў, формаў уплываў. Канечне ж, гаворачы пра тое, што абмяркоўваецца лёс Беларусі, — гэта імітацыя абмеркаваньня лёсу Беларусі. Гэта імітацыя абмеркаваньня формаў, мэтадаў...» Давыдзька перабіў і Алеся Карлюкевіча, але ўжо на беларукай мове: «Ці ёсьць карысьць ад гэтага абмеркаваньня?»

Кастусёў адказаў, што карысьць ёсьць. Пасыл, зь якім паехалі нашы прадстаўнікі, — яшчэ раз сказаць, што Беларусь ёсьць незалежнай краінай і павінна ёй застацца.

Дзень волі — за што і супраць чаго?

Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2016 году
Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2016 году

У апошняй частцы праграмы вядоўца Генадзь Давыдзька прапанаваў абмеркаваць: «Дзень Волі — гэта за што і супраць чаго?» Тут першую скрыпку сыграў Павал Якубовіч. Казаў пра гісторыю, палітычную дэградацыю лідэраў БНР, вельмі прыстойных людзей, якія спачатку былі рамантыкамі, а потым аселі ў Чэхіі, Нямеччыне... Але завяршыў свой выступ вельмі вытанчана: «Хопіць канфрантацыі з гэтай нагоды. Усе павінны прызнаць, што БНР — гэта адна зь вехаў гэтай сталбавой дарогі руху Беларусі да БССР, у складзе СССР, а потым — незалежнай Беларусі. Таму паважаць трэба гэта сьвята, адзначаць яго, хто гэтага жадае...»

Кастусёў пагадзіўся зь Якубовічам, сказаў, што ён бы зрабіў сьвятам і 25 сакавіка, і 1 студзеня (дзень абвяшчэньня БССР у Смаленску).

Тут Генадзь Давыдзька падкрэсьліў: «Для мяне незалежнасьць Беларусі шчыльна зьвязаная з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Калі на Дні Волі ўсе будуць гэта разумець, што гэта адна вялікая гісторыя. А зараз гэта ўсур’ёз і надоўга».

На што Рыгор Кастусёў адказаў: «Для мяне было б вельмі важна, калі б і вы (Генадзь Давыдзька — РС), і Аляксандар Лукашэнка зразумелі, што без 25 сакавіка не было б і прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Калі б ён гэта таксама зразумеў цалкам, у нас было б і прымірэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG